2015-12-27 13:48:00

Папа: Святая Сям'я – сапраўдная школа Евангелля


Кожная хрысціянская сям’я паклікана быць “хатнім Касцёлам”, каб дапамагаць заззяць евангельскім цнотам і стаць зачынам дабра ў грамадстве, адзначыў папа Францішак перад малітвай “Анёл Панскі” 27 снежня 2015 г. на ватыканскай плошчы.

“У атмасферы радасці, уласцівай Божаму Нараджэнню, святкуем гэту нядзелю Святой Сям’і. – нагадаў Папа – Я ўзгадваю пра вялікую сустрэчу ў Філадэльфіі, у верасні; пра шматлікія сем’і, якія сустрэў падчас Апостальскіх падарожжаў; а таксама пра сем’і ва ўсім свеце. Я б хацеў іх з любоўю і ўдзячнасцю прывітаць, асабліва ў гэты наш час, калі сям’я падвергнута неразуменням і цяжкасцям рознага кшталту, якія яе аслабляюць.

Сённяшняе Евангелле запрашае сем’і прыняць святло надзеі, якое паходзіць з дому ў Назарэце, дзе ў радасці прайшло дзяцінства Езуса, які, паводле слоў св. Лукі – “узрастаў у мудрасці, гадах і ласцы перад Богам і людзьмі” (2,52). Сям’я Езуса, Марыі і Юзафа – для кожнага верніка, і асабліва для сем’яў, з’яўляецца сапраўднай школай Евангелля.   

Тут мы сузіраем спаўненне Божай задумы адносна таго, каб учыніць з сям’і асаблівую супольнасць жыцця і любові. Тут разумеем, што кожная хрысціянская сямейная ячэйка паклікана быць “хатнім Касцёлам”, каб дапамагаць заззяць евангельскім цнотам і стаць зачынам дабра ў грамадстве. Уласцівыя Святой Сям’і рысы, гэта: засяроджанасць і малітва, маўклівае разуменне і павага, дух ахвярнасці, праца і салідарнасць.

З прыкладу і сведчання Святой Сям’і кожная сям’я можа ўзяць каштоўныя ўказанні для ладу жыцця і жыццёвых рашэнняў, і можа чэрцаць сілу і мудрасць для штодзённага шляху. Маці Божая і св. Юзаф вучаць прымаць дзяцей, як дар Бога, нараджаць іх і выхоўваць цудоўным чынам супрацоўнічаючы са справай Творцы і дорачы свету, у кожны дзіцятку, новую ўсмешку. Менавіта ў паяднанай сям’і дзеці дасягаюць сваёй сталасці, жывучы значным і плённым досведам бескарыслівай любові, пяшчотнасці, узаемнай павагі, узаемнага разумення, прабачэння і радасці.

Я б хацеў спыніцца менавіта на радасці. Сапраўдная радасць, якая перажываецца ў сям’і, гэта не штосьці выпадковае. Гэта радасць з’яўляецца плёнам глыбокай гармоніі паміж людзьмі, якая дазваляе адчуць прыгажосць прабывання разам, узаемнай падтрымкі на жыццёвым шляху. Але ў аснове радасці заўсёды ёсць прысутнасць Бога, Яго адкрытай, міласэрнай і цярплівай любові да ўсіх. 

Калі не адчыняцца дзверы сям’і на прысутнасць Бога і Яго любоў, сям’я згубіць гармонію, пачне дамінаваць індывідуалізм, і згасне радасць. Аднак, сям’я, якая мае радасць жыцця і веры, перадае іх спантанна, з’яўляецца соллю зямлі і святлом свету, зачынам для ўсяго грамадства. Езус, Марыя і Юзаф няхай благаслаўляюць і ахоўваюць усе сем’і ў свеце, каб у іх панаваў спакой і радасць, справядлівасць і мір, якія Хрыстус, праз нараджэнне прынёс як дар для чалавецтва”. 

Пасля марыйнай малітвы Папа выказаў салідарнасць з кубінскімі мігрантамі, якія апынуліся заблакаванымі ў некаторых краінах Цэнтральнай Амерыкі, на сваім шляху ў ЗША. Многія з іх сталі ахвярамі гандлю людзьмі, нагадаў Пантыфік і заклікаў краіны рэгіёну знайсці тэрміновае рашэнне гэтай гуманітарнай драмы. 








All the contents on this site are copyrighted ©.