2015-12-26 12:28:00

Святы Айцец аб прабачэнні для развіцця ў веры


Кожны раз калі атрымліваем прабачэнне наша сэрца адраджаецца, сказаў папа Францішак 26 снежня 2015 г. перад малітвай “Анёл Панскі” на ватыканскай плошчы св. Пятра. Пантыфік падкрэсліў, што для развіцця ў веры, “перш за ўсё неабходна прымаць прабачэнне Бога; сустракаць Айца, гатовага прабачаць усё і заўсёды, і Які, менавіта прабачаючы лечыць сэрца і ажыўляе любоў”.

“Сёння мы святкуем свята св. Стэфана. – нагадаў Папа – Успамін аб першым мучаніку ідзе адразу за ўрачыстасцю Божага Нараджэння. Учора мы сузіралі міласэрную любоў Бога, які ўцелавіўся для нас; сёння бачым адпаведны адказ вучня Езуса, які аддаў сваё жыццё. Учора нарадзіўся на зямлі Збаўца; сёння нараджаецца яго верны сведка. Учора, як і сёння, з’яўляюцца цемры адчужэння жыцця, але яшчэ больш ззяе святло любові, якое перамагае зло і дае пачатак новаму свету.

Ёсць адзін асаблівы аспект у сённяшнім апавяданні з Дзеяў Апосталаў, які збліжае св. Стэфана з Панам. Гэта яго прабачэнне перад смерцю ад каменавання. Прыбіты да крыжа, Езус сказаў: “Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць” (Лк 23,34); падобным чынам Стэфан “упаўшы на калені, усклікнуў моцным голасам: Пане, не лічы ім граху гэтага!” (Дз 7,60). Такім чынам Стэфан – гэта мучанік, што азначае сведка, бо чыніць як Езус; сапраўдным сведкам з’яўляецца той, хто паводзіць сябе як Ен: хто моліцца, любіць, дарыць, але асабліва, хто прабачае, бо прабачэнне, як кажа само гэта слова, з’яўляецца самым высокім выразам дару.

Але – мы можам спытаць – навошта трэба прабачаць? Гэта толькі добры ўчынак ці ён прыносіць плёны? Адказ знаходзім менавіта ў мучаніцтве Стэфана. Сярод тых, для каго ён прасіў аб прабачэнні быў юнак па імені Саўл; які пераследваў Касцёл і імкнуўся знішчыць яго (пар. Дз 8,3). Крыху пазней Саўл стаў Паўлам, вялікім святым, апосталам народаў. Ён атрымаў прабачэнне Стэфана. Мы можам сказаць, што Павел нарадзіўся праз ласку Божую і прабачэнне Стэфана.

Таксама і мы нараджаемся праз прабачэнне Божае. Не толькі падчас хросту, але кожны раз калі атрымліваем прабачэнне наша сэрца адраджаецца, становіцца перароджаным. Кожны крок наперад ў жыцці верай на пачатку нясе на сябе знак Божай Міласэрнасці, таму што толькі калі нас любяць, мы можам таксама любіць. Памятаць пра гэта было б добра: калі мы хочам развівацца ў веры, перш за ўсё неабходна прымаць прабачэнне Бога; сустракаць Айца, гатовага прабачаць усё і заўсёды, і Які, менавіта прабачаючы лечыць сэрца і ажыўляе любоў. Мы ніколі не павінны стамляцца прасіць аб Божым прабачэнні, таму што толькі калі будзем атрымліваць прабачэнне навучымся прабачаць.

Прабачаць, аднак, заўсёды вельмі цяжка. Як можам наследаваць Езуса? З чаго пачаць у прабачэнні малых і вялікіх крыўдаў, які сустракаем штодзённа? Перш за ўсё з малітвы, як рабіў Стэфан. Пачынаць трэба з уласнага сэрца: мы можам з верай рэагаваць на абурэнне, якое адчуваем, давяраючы тых, хто чыніць нам зло міласэрнасці Божай. Затым можна ўбачыць, што гэта ўнутраная барацьба за прабачэнне ачышчае ад зла і што малітва і любоў вызваляюць нас з унутраных ланцугоў злапамяцтва. Мы кожны дзень маем магчымасць для таго, каб трэніравацца ў прабачэнні, каб жыць гэтым вельмі высокім жэстам, які набліжае да Бога. Як наш нябесны Айцец, станем таксама і мы міласэрнымі, таму што праз прабачэнне перамагаем зло дабром, перамяняем нянавісць у любоў і такім чынам робім свет больш чыстым.

Няхай Панна Марыя, якой давяраем тых – якіх нажаль шмат – хто як св. Стэфан церпіць пераслед у імя веры, скіроўвае нашу малітву на прыняцце і дарэнне прабачэння.

Пасля марыйнай малітвы Святы Айцец падзякаў вернікам за віншаванні з Божым Нараджэннем, якія атрымлівае з розных частак свету і заклікаў не забываць маліцца за яго.








All the contents on this site are copyrighted ©.