2015-12-23 15:13:00

Кс. Ламбардзі аб прысуджэнні прэстыжнай прэміі Папу


Каментуючы прысуджэнне Святому Айцу Міжнароднай прэміі імя Карла Вялікага, кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі нагадаў, што папа Францішак раней ніколі не прымаў прэмій і ўзнагарод, прызначаных яго асобе. Такім чынам гаворка ідзе пра выключную падзею.

У размове з ім, Пантыфік заўважыў, што бачыць у прысуджэнні прэміі нагоду для таго, каб яшчэ раз сказаць аб міры, каб супольна маліцца аб міры, каб заклікаць Еўропу да дзейнасці на карысць міру, як унутры сваіх межаў, так і ва ўсім свеце.

Іншым значным аспектам сёлетняй Міжнароднай прэміі імя Карла Вялікага з’яўляецца той факт, што яна была ўпершыню прысуджана асобе, якая не паходзіць з Еўропы. Паводле кс. Ламбардзі, такім чынам быў адзначаны заклік Святога Айца аб глабальным пакліканні Еўропы, скіраваны з трыбуны Еўрапейскага парламента. Папа нагадаў еўрапейцам аб неабходнасці дзейнасці на падставе каштоўнасцяў павагі да чалавечай асобы, салідарнасці з усімі народамі, будавання міру – каштоўнасцяў, на якіх нарадзілася ідэя адзінай Еўропы. Папа паказвае еўрапейскаму кантыненту яго больш глыбокае і шырокае пакліканне, пераканы кіраўнік Залы Друку.

Кс. Ламбардзі нагадаў, што Ян Павел ІІ, які атрымаў Міжнародную прэмію імя Карла Вялікага ў 2004 г., таксама быў “вялікім Папам міру”, натхняльнікам Еўропы з “двума лёгкімі”, прымірэння, адзінства паміж усходам і захадам.








All the contents on this site are copyrighted ©.