2015-12-22 09:24:00

Вялікі пэнітэнцыярый скіраваў ліст да спаведнікоў


Кіраўнік Апостальскай пэнітэнцыярыі, кардынал Маўра Пьячэнца скіраваў спецыяльны ліст да спаведнікоў, з нагоды надыходзячай урачыстасці Божага Нараджэння. 

Мір нараджаецца ў канфесіянале, дзе чалавецтва ачышчаецца ад найбольш смяротнага “смогу”, якім з’яўляецца грэх. Па гэтай прычыне споведзь – гэта “самая радыкальная экалагічная ініцыятыва”, адзначыў ватыканскі пурпурат. Паводле яго слоў, менавіта з канфесіяналу можа выйсці сапраўдны супакой, якога патрабуе сучасны свет. Гэта адзіная, па-сапраўдаму эфектыўная дапамога для ўсяго чалавецтва, перакананы ён.

Іерарх нагадаў словы папы Францішка, аб тым, што ўрачыстасць Божага Нараджэння, гэта не “казачнае і салодкае” свята, але перш за ўсё, святая таямніца, паводле якой свет і гісторыя будуць асуджаны напрыканцы часоў, святая таямніца Міласэрнасці Бога. 

Чалавецтва будзе асуджана не толькі паводле “абстрактна зразуметага маральнага захавання”. Мы будзе асуджаны згодна з “праўдай” нашай любові: любові, дасканала чалавечай, што значыць інтэлектуальнай і свабоднай; любові, якая не “авалодвае” братам, але разумее, жадае і дасягае сапраўднага дабра для яго; любові, якая карыстаецца ўсім і ставіць уласнае жыццё на службу вечнаму лёсу людзей, якая не выкарыстоўвае людзей дзеля сваіх мізэрных мэтаў, падкрэсліў Вялікі пэнітэнцыярый.

Ватыканскі іерарх дадаў, што напрыканцы часоў “мы будзем асуджаны згодна з праўдай Хрыстовай, згодна з нашай любоўю да Яго, але ў той жа час, толькі Хрыстус можа вызваліць нашу любоў і зрабіць нас па-сапраўднаму здольнымі любіць Яго”. Такім чынам, Ён з’яўляецца адначасова і Суддзёй і Збаўцам, Справядлівасцю і Любоўю, Праўдай і Міласэрнасцю. Гэты Божы парадокс асаблівым чынам праяўляецца менавіта ў споведзі: у вялікім сакрамэнце міласэрнасці, напісаў кардынал Пьячэнца.

Пурпурат заклікаў спаведнікоў маліцца адно за аднаго і выказаў ім “глыбокую ўдзячнасць за цярплівую ахвярнасць і пастырскую любоў, якую выражае іх шчодрае служэнне”.








All the contents on this site are copyrighted ©.