2015-12-21 12:26:00

Святы Айцец даў парады супрацоўнікам Рымскай курыі


“Хваробы і нават скандалы не могуць схаваць плённасці служэння, якое Рымская курыя з высілкамі, адказнасцю, намаганнямі і адданасцю выконвае для Папы і ўсяго Касцёла, і гэта з’яўляецца сапраўдным суцяшэннем”, - адзначыў папа Францішак у сваёй прамове да супрацоўнікаў Рымскай курыі. Пантыфік сустэўся са сваімі паплечнікамі з нагоды набліжэння ўрачыстасці Божага Нараджэння, 21 снежня 2015 г. у Ватыкане.

У прамове Святога Айца прысутнічала працягласць з мінулагоднім зваротам, у якім ён галоўным чынам пахіліўся над “хваробамі” ватыканскіх дыкастэрый. Францішак падкрэсліў, што іх неабходна пазбягаць, быць уважлівымі, а ў некаторых выпадках здзейняць балючыя і доўгатрывалыя ўмяшанні. Папа заўважыў, што некаторыя з гэтых “хваробаў” з’явіліся на працягу мінулага году і прынеслі “нямала болю ўсяму целу і паранілі мноства душаў”. Ён адзначыў, што яны будуць заўсёды аб’ектам глыбокіх разважанняў і рашучых мераў. “Рэформа будзе працягвацца з рашучасцю, яснасцю і пастаянствам”, - сказаў Францішак і дадаў, што Касцёл заўсёды патрабуе рэфармавання.

Святы Айцец адначасова нагадаў пра выклікі і магчымасці, якія дае Рымскай Курыі Год Міласэрнасці. Ён выказаў удзячнасць “усім прыстойным і сумленным асобам”, якія працуюць з адданасцю, пабожнасцю, вернасцю і прафесіяналізмам, ахвяруючы Касцёлу і Наступніку Пятра падтрымку праз сваю салідарнасць і паслухмянасць, а таксама праз свае шчодрыя малітвы”. Папа падкрэсліў, што слабасці, з’яўляюцца “ўрокам і нагодай для росту”, а таксама магчымасцю для таго, каб “вярнуцца да істотнага”.

Каб дапамагчы сваім найбліжэйшым супрацоўнікам плённа перажыць Год Міласэрнасці і добра падрыхтавацца да Святога Божага Нараджэння, Францішак даў некаторыя парады, якія назваў “каталогам неабходных цнотаў”, для тых, хто выконвае служэнне ў курыі і ўсіх, хто хоча зрабіць плённым уласнае пасвячэнне і служэнне Касцёлу.

Да такіх цнотаў Францішак, у першую чаргу, аднёс місійнасць і пастырства,уменне набываць здольнасці для лепшага выканання ўласных заданняў, а таксама для вырашэння розных сітуацый з мудрасцю і крэатыўнасцю. Папа адзначыў важнасць  духоўнасці і чалавечнасці. 

Чалавечнасць, паводле Святога Айца, гэта тое, што адрознівае людзей ад машын і робатаў, якія нічога не адчуваюць і якіх нічога не кранае. “Калі нам становіцца цяжка па-сур’ёзнаму плакаць ці шчыра смяяцца, гэта значыць пачаўся працэс нашага заняпаду і нашай перамены з “людзей” у нешта іншае. Чалавечнасць – гэта здольнасць дэманстраваць пяшчоту, блізкасць і лагоднасць усім”, - сказаў Папа. 

Францішак нагадаў, што Рымская Курыя паклікана быць узорам, таксама і ў тым, каб пазбягаць скандалаў, якія раняць душы і пагражаюць пераканаўчасці сведчання. Ён заклікаў іерархаў быць вернымі свайму пакліканню, рацыянальнымі, не паддавацца захапленню бюрактарызмам і празмерным планаваннем.

Папа нагадаў пра важнасць асцярожнасці ў суджэннях і здольнасці ўстрымання ад прыняцця імпульсіўных рашэнняў, дзейнасці ў любові і праўдзе. “Любоў без праўды становіцца ідэалогіяй дэструктыўнага дабрадзейства, а праўда без любові – сляпым “судзействам”, - сказаў Святы Айцец.

Пантыфік заклікаў да сумленнасці і сталасці, паважлівасці і пакоры, клопату аб тым, каб станавіцца багатымі духоўна і ўважлівымі да людзей. “Бессэнсоўна адчыняць Святыя Дзверы ва ўсіх базыліках свету, калі нашы сэрцы закрыты на любоў, калі нашы рукі закрыты на тое, каб даваць, калі нашы дамы закрыты на гасціннасць, а нашы касцёлы закрыты на прыняцце людзей”, - сказаў ён.

Паводле Францішка, важна не паддавацца страху перад цяжкасцямі, не прывязвацца да матэрыяльных рэчаў і не закрывацца ва ўласных праектах, не дазваляць амбіцыям кіраваць сабой. Папа заклікаў супрацоўнікаў Рымскай курыі сеяць вакол сябе супакой і жыць у сціпласці.

“Няхай міласэрнасць кіруе нашымі крокамі, натхняе нашы рэформы, асвячае нашы рашэнні. Няхай яна будзе нясучым стаўпом нашай дзейнасці. Няхай яна нас вучыць, калі мы павінны ісці наперад і калі павінны зрабіць крок назад. Няхай яна нам дазволіць бачыць мізэрнасць нашых дзеянняў у вялікай задуме збаўлення Бога і ў велічы і таямнічасці яго справы”, - заахвоціў сваіх супрацоўнікаў Папа. 

Сваё разважанне Пантыфік закончыў малітвай благаслаўлёнага Оскара Рамэра, беатыфікаванага 23 мая 2015 г. у Сальвадоры.








All the contents on this site are copyrighted ©.