2015-12-21 13:05:00

Пантыфік: сужэнства патрабуе штодзённага клопату


21 снежня 2015 г. папа Францішак склаў віншаванні з нагоды надыходзячай ўрачыстасці Божага Нараджэння супрацоўнікам структураў Апостальскай Сталіцы і Губернатара Ватыкану, а таксама членам іх сем’яў. Пантыфік прыняў іх на аўдыенцыі ў Зале Паўла VI.

Асаблівым чынам Папа падзякаваў людзям, якія на працягу многіх гадоў робяць аднолькавую, “часта незаўважную працу”. “Мы ведаем, што гэта нармальна, гэта проста выкананне ўласных абавязкаў; але ведаем таксама, што для нас, людзей, гэта нялёгка, мы не машыны – дзякуй Богу! – і часам маем патрэбу ў стымуле, ці змене нечага”, - сказаў Папа. Ён заклікаў працаваць з цярплівасцю і спрабуючы дапамагаць адно аднаму.

Святы Айцец папрасіў прабачэння ў ватыканскіх служачых за нядаўнія скандалы і заклікаў маліцца за ўсіх, хто ў іх вінаваты, каб вярнуліся на правільны шлях.

Папа таксама заахвоціў супрацоўнікаў ватыканскіх структур клапаціцца аб іх сужэнскім жыцці і дзецях. “Клапаціцеся пра іх, не занядбоўвайце: гуляйце з дзецьмі”, - пажадаў Папа. Ён параўнаў сужэнства з раслінай. “Гэта не шафа, якую можна паставіць у пакоі і дастаткова час ад часу праціраць ад пылу. Гэта жывая расліна, аб якой трэба клапаціцца кожны дзень”, - сказаў Святы Айцец. Папа адзначыў, што для дзяцей самым важным з’яўляюцца не рэчы, а любоў бацькоў і паміж бацькамі. Неабходна размаўляць з дзецьмі і пытацца, што яны адчуваюць і думаюць. “Дыялог паміж бацькамі і дзецьмі вельмі карысны! Ён дапамагае сталенню дзяцей”, - сказаў Францішак і нагадаў пра важнасць пажылых людзей у сям’і. 

Папа пажадаў, каб Юбілей Міласэрнасці перыжываўся таксама ў “хатніх касцёлах”, а не толькі ў вялікіх падзях. Пан любіць тых, хто практыкуе міласэрнасць у штодзённасці, сказаў ён і заклікаў сужонкаў заўсёды прабачаць адно аднаго і ніколі не класціся спаць, не прымірыўшыся пасля спрэчкі.








All the contents on this site are copyrighted ©.