2015-12-19 11:31:00

Папа: "білет на Неба" даюць не грошы, а добрыя ўчынкі


Каб трапіць на Неба, неабходны не грошы, слава ці выхаванне, а выключна добрыя ўчынкі, адзначыў папа Францішак падчас св. Імшы ў рымскім дабрачынным цэнтры “Caritas”, які наведаў 18 снежня 2015 г. у другой палове дня. Перад гэтым Пантыфік урачыста адчыніў тут “Святыя Дзверы Любові”, праз якія на працягу Года Міласэрнасці зможа прайсці кожны жадаючы.

“Бог прыходзіць, каб нас збавіць і для гэтага не знаходзіць лепшага спосабу, як толькі крочыць разам з намі і жыць нашым жыццём”, - сказаў Святы Айцец у сваёй гаміліі. Ён падкрэсліў, што каб прыйсці на свет, Бог не выбраў для сябе вялікага гораду ў вялікай імперыі, не выбраў сабе ў якасці маці княжну, прынцэсу ці якую-небудзь іншую важную асобу, не выбраў люксавага палацу. Здаецца, што ўсё гэта наўмысна здзейснялася схавана, заўважыў Папа. 

Францішак нагадаў пра тое, што Панна Марыя была маладой дзяўчынай, якая жыла ў забытай і нікому не вядомай вёсцы на перыферыі Рымскай Імперыі. Св. Юзаф, у сваю чаргу, быў мужчынам, які кахаў яе і жадаў з ёй ажаніцца. Ён зарабляў сабе на жыццё цеслярскай працай. “Усё было проста і схавана. Нават прысутнічала адчужэнне, калі яны былі заручаны, а Юзаф даведаўся, што яна цяжарная. У такім невялікім мястэчку плёткі распаўсюджваліся хутка", - заўважыў Пантыфік. Ён нагадаў таксама, як Анёл патлумачыў Юзафу, што Дзіця, якога носіць Марыя, паходзіць ад Бога.

Усё гэта адбывалася схавана, у пакоры, а “вялікія гарады свету нічога пра гэта не ведалі”, падкрэсліў Папа. На яго думку менавіта такім чынам Бог працягвае прысутнічаць сярод людзей. “Калі жадаеш сустрэць Бога, шукай Яго ў пакоры, беднасці, у патрабуючых, хворых, галодных, зняволенных”, - параіў Францішак. Паводле Папы, “білет на Неба” даюць не грошы, важнасць, слава ці выхаванне, але толькі добрыя ўчынкі. 

Адчыняючы “Святыя Дзверы Любові”, Францішак заклікаў прасіць Бога, каб адчыніў дзверы сэрцаў вернікаў на іншых людзей, а таксама, каб дапамог зразумець, што шлях багаццяў і пыхі не вядзе да збаўлення. Папа заклікаў дапамагаць усім, хто спаткаўся з адчужэннем і беднасцю, каб самім спазнаць ласку міласэрнасці Божай.








All the contents on this site are copyrighted ©.