2015-12-18 11:31:00

У Ватыкане пройдзе інаўгурацыя святочных ёлкі і ясляў


18 снежня 2015 г. вечарам на плошчы св. Пятра ў Ватыкане адбудзецца інаўгурацыя ілюмінацыі на святочных ёлцы і яслях. Традыцыйная цырымонія пройдзе як і раней, яшчэ перад святамі Божага Нараджэння. 

Ёлка на ватыканскую плошчу прыбыла з нямецкай Баварыі. Яе вышыня складае 25 метраў. Яе ўпрыгожылі, між іншым, святочныя керамічныя шары, зробленыя хворымі дзецьмі ў рамках “кераматэрапіі”.

Бэтлеемскія яслі з’яўляюцца дарам паўночнаітальянскага Трэнта. Іх сцэнаграфія дэманструе сельскі каларыт гэтага рэгіёну. У стаенцы размешчаны 24 фігуры ў рост чалавека. Тут знайшла адлюстраванне і тэма міласэрнасці, актуальная для Каталіцкага Касцёла ў сувязі з правядзеннем Святога Года. Яе ілюструе фігура мужчыны, які пахіліўся над пажылым чалавекам, аказваючы яму дапамогу.

Ёлка і яслі афіцыйна будуць перададзены ў дар Пантыфіку на спецыяльнай аўдыенцыі, у рамках якой Францішак прыме дэлегацыі з Баварыі і Трэнта і сустрэнецца з групай хворых дзяцей, якія зрабілі аздобы для святочнага дрэва.








All the contents on this site are copyrighted ©.