2015-12-17 15:51:00

Інструкцыя па абароне правоў бедных прадстаўлена ў Ватыкане


17 снежня 2015 г. у Ватыкане была прадстаўлена інструкцыя па рэалізацыі галоўных прынцыпаў ААН адносна крайняй беднасці і правоў чалавека. Дапаможнік пад назвай “Працаваць дзеля правоў людзей, якія жывуць ва ўмовах крайняй беднасці” быў падрыхтаваны няўрадавымі арганізацыямі “Franciscans Internalional” і “ATD Fourth World”, у супрацоўніцтве з “Caritas Internationalis”.

У ім закранаюцца праблемы інклюзіўнасці грамадства , экалогіі, вырубкі лясоў, голаду, беспрацоўя, дыскрымінацыі, ролі сям’і, адукацыі і правоў чалавека.

Паводле аўтараў выдання, яно можа стаць каштоўнай прыладай для тых, хто працуе з беднымі ў грамадстве, каб бараніць іх правы і рэалізоўваць ініцыятывы на іх карысць. Адрасатамі кнігі, у першую чаргу, з’яўляюцца працаўнікі сферы аховы здароўя, мясцовыя лідэры, настаўнікі, дзяржаўныя чыноўнікі, няўрадавыя арганізацыі, рэлігійныя супольнасці. 

Выданне ўтрымлівае ў сабе падказкі па рэалізацыі прынцыпаў ААН адносна крайняй беднасці і правоў чалавека, апублікаваных у 2012 г. Гэты міжнародны дакумент напісаны цяжкай для ўспрыняцця звычайнымі людзьмі “юрыдычнай” мовай, а дапаможнік робіць яго зразумелым для ўсіх, падкрэслілі яго аўтары падчас прэзентацыі ў Ватыкане.








All the contents on this site are copyrighted ©.