2015-12-17 12:12:00

Францішак прыняў даверчыя граматы новых паслоў


17 снежня 2015 г. папа Францішак прыняў даверчыя граматы ў новых паслоў пры Святым Пасадзе. Звяртаючыся да дыпламатычных прадстаўнікоў Гвінеі, Латвіі, Індыі і Бахрэйна, Пантыфік нагадаў, што два дні таму ўбачыла свет яго пасланне на Сусветны дзень міру, прысвечаны тэме перамогі над абыякавасцю ў імкненні да міру. Гэта сапраўдны выклік для чалавецтва. Трэба “супрацоўнічаць дзеля развіцця культуры салідарнасці, якая зможа супрацьстаяць глабалізацыі абыякавасці, што, нажаль, уяўляе сабой адну з негатыўных тэндэнцый нашай эпохі”, - сказаў ён.

Папа падкрэсліў, што існуе мноства форм, праз якія гэта абыякавасць праяўляецца, і прычын, якія яе ўмацоўваюць і вядуць да “неўраўнаважанага” гуманізму, у якім чалавек займае месца Бога і становіцца ахвярай розных форм ідалапаклонства. “Таксама і цяжэйшы экалагічны крызіс, які мы перажываем, можа прывесці да такой антрапалагічнай нераўнавагі”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Абыякавасць адносна Бога, бліжняга і навакольнага асяроддзя спалучаны паміж сабой і ўмацоўваюць адно адну. І перамагчы іх можна толькі супольнымі намаганнямі, праз абноўлены гуманізм, які верне чалавека ў яго належныя адносіны з Творцам, бліжнімі і стварэннем. 

Папа заклікаў да супрацоўніцтва паміж усімі адказнымі ў палітычнай, сацыяльнай, культурнай і адукацыйнай сферах. Ён нагадаў пра важную ролю СМІ, якія шырока ўплываюць на лад жыцця людзей і грамадстваў. Звярнуў увагу на важнасць павышэння прафесійнага і этычнага ўзроўню працаўнікоў гэтай сферы. “У той жа час, неад’емным застаецца працяг інвеставання ў школу, якая павінна разумецца не як нешта адасобленае, але ў пастаянным спалучэнні з сем’ямі і сацыяльным кантэкстам, што павінны супрацоўнічаць, умацоўваючы адукацыйны саюз, які ў розных краінах вельмі аслабеў”, - сказаў Папа.

Усё гэта, паводле Францішка, неабходна, каб перамагчы абыякавасць і заваяваць мір. Ён нагадаў пра шматлікія канфлікты і тэракты, якімі быў пазначаны 2015 год. “З іншага боку, гэта сітуацыя ўсё больш і больш выклікае ў найбольш сталых сумленнях не гвалтоўную, а духоўную і маральную рэакцыю. Гэта тое, што мы жадаем і павінны ўмацоўвасць з дапамогай сродкаў, якія маем у распараджэнні, і згодна з нашай адказнасцю”, - заўважыў Папа.

Святы Айцец ажзначыў, што Каталіцкі Касцёл, з дапамогай Года Міласэрнасці, жадае пашырыць у свеце дух прабачэння і міласэрнасці, заклікаючы вернікаў і людзей добрай волі адкрыцца на дар Божай ласкі, здзяйсняючы “ўчынкі міласэрнасці для цела і душы бліжняга”.

Францішак заклікаў дзяржавы да канкрэтных жэстаў на карысць людзей, якія пакутуюць ад беспрацоўя, адсутнасці зямлі і даху над галавой, а таксама да ўмацавання паўсюднага братэрства паміж краінамі.








All the contents on this site are copyrighted ©.