2015-12-17 13:29:00

79-ы Дзень нараджэння Францішка і рэформы ў Ватыкане


З усяго свету ў Ватыкан прыходзяць віншаванні на імя папы Францішка, які 17 снежня 2015 г. адначае свой 79-ы Дзень нараджэння. У канцы ўчарашняй агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра вернікі прысвяцілі яму віншавальны спеў, а мексіканская журналістка падарыла Пантыфіку святочны торт. 

Кардынал Сантас Абрыль-і-Кастельё, у каментары для Ватыканскага радыё, віншуючы Святога Айца са святам, заўважыў, што некаторых “бянтэжыць” узрост Францішка ў кантэксце рэформ, якія ён праводзіць у Ватыкане. Многія ў Касцёле сумняваюцца, ці зможа ён ажыццявіць усе свае праекты і рэфармаваць Касцёл. “Я думаю, што ёсць і тыя, хто, магчыма, зразумеў усю сутнасць жадання Папы рэфармавання ўсяго, што магчыма”, - сказаў архіпрэсбітэр базылікі Санта Марыя Маджорэ.

“Як часта кажа сам Пантыфік, гэта не толькі яго ініцыятыва, але голас многіх кардыналаў, якія, падчас падрыхтоўкі да канклаву, звярталі ўвагу на многія тэмы, што неабходна ўзняць, і выказваліся за рэформы ў Рымскай курыі. Такім чынам, рэформа не залежыць толькі ад Папы, гэта жаданне усяго Касцёла. Гаворка ідзе не пра спешку, але пра прыстасаванне да прыроды рэчаў”, - сказаў іспанскі кардынал.

На яго думку, Святы Айцец “прыняў гэтыя прапановы, і цяпер хоча рэалізаваць іх у паўсядзённым жыцці Касцёла”. “Зразумела, што гэта нешта, чаго не можна зрабіць у кароткі прамежак часу; гэта патрабуе шмат часу, увядзення па частках, цвёрда і ясна”, - сказаў кардынал Абрыль-і-Кастельё.

Ватыканскі кардынал ведае Францішка на працягу многіх гадоў. Ён быў, у прыватнасці, Апостальскім нунцыем у Аргентыне, калі той быў арцыбіскупам Буэнас-Айрэса. Цяпер, як архіпрэсбітэр базылікі Санта Марыя Маджорэ часта сустракаецца з Папам, які наведвае базыліку, асабліва пасля вяртання з чарговага замежнага падарожжа.








All the contents on this site are copyrighted ©.