2015-12-16 11:14:00

Папа распавёў пра сімвалы Году Міласэрнасці


Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 16 снежня 2015 г., папа Францішак распавёў пра знакі і сімвалы Юбілейнага Году Міласэрнасці. У першую чаргу, ён узгадаў адкрыццё Святых Дзвярэй у Рыме і Брам Міласэрнасці ва ўсіх дыяцэзіях свету. “Я жадаў, каб знак Святых Дзвярэй прысутнічаў у кожным мясцовым Касцёле, каб Юбілей Міласэрнасці мог стаць супольным досведам кожнага чалавека. Святы Год, такім чынам, пачаўся ва ўсім Касцёле і будзе святкавацца ва ўсіх дыяцэзіях, як і ў Рыме. Нават першыя Святыя Дзверы былі адчынены ў Афрыцы. Рым – гэта бачны знак паўсюднага адзінства. Няхай гэта касцёльнае адзінства стане больш моцным, каб Касцёл быў у свеце знакам жывой любові і міласэрнасці Айца”, - пажадаў ён.

Папа распавёў, што ўмацаванню касцёльнага адзінства павінна была служыць таксама і дата пачатку Юбілею – 8 снежня. Яна супала з 50-годдзем завяршэння Другога Ватыканскага Сабора, які прадставіў Касцёл у святле таямніцы адзінства. “Раскінуты па ўсім свеце і выказаны ў мностве мясцовых Касцёлаў, ён, аднак, з’яўляецца заўсёды і выключна адзіным Касцёлам, якога Езус Хрыстус пажадаў і за які ахвяраваў сябе”, - падкрэсліў Святы Айцец.

“Гэта таямніца адзінства, якая робіць Касцёл знакам любові Айца, узрастае і сталее ў нашым сэрцы, калі любоў, якую распазнаем ў Крыжы Хрыста і ў якую пагружаемся, дазваляе нам любіць так, як Ён любіць нас. Гаворка ідзе пра Любоў без межаў, якая мае аблічча прабачэння і міласэрнасці. Міласэрнасць і прабачэнне не павінны застацца прыгожымі словамі, але спаўняцца ў штодзённым жыцці. Любоў і прабачэнне – гэта канкрэтныя і бачныя знакі таго, што вера перамяніла нашы сэрцы. Яны дазвалюць адлюстраваць у нас жыццё самаго Бога. Любіць і прабачаць, як любіць і прабачае Бог. Гэта жыццёвая праграма, якая не можа ведаць перапынкаў ці выключэнняў, але павінна падштурхоўваць нас заўсёды ісці далей, ніколі не стамляючыся, з упэўненасцю ў падтрымцы бацькоўскай прысутнасці Бога”, - сказаў Пантыфік.

Гаворачы пра значэнне пераходу праз Святыя Дзверы, Папа падкрэсліў, што гэты жэст выказвае давер вернікаў да Бога, Які прыйшоў не для таго, каб судзіць, а каб збавіць. Пантыфік нагадаў, што за пераход праз Святыя Дзверы не павінны збірацца грошы. “Збаўленне не купляецца”, - сказаў ён. 

“Пераход праз Святыя Дзверы – гэта знак сапраўднага навяртання нашага сэрца. Калі будзем праходзіць праз Святыя Дзверы, трэба добра памятаць, што мы павінны трымаць расчыненымі таксама і дзверы нашага сэрца. Я стаю перад Святымі Дзвярыма і прашу: “Пане, дапамажы мне расчыніць дзверы майго сэрца!”. Святы Год не прынясе шмат плёнаў, калі дзверы нашага сэрца не дазволяць прайсці Хрысту, Які падштурхоўвае нас ісці да іншых, каб несці Яго і Ягоную любоў. Такім чынам, як і адчыненыя Святыя Дзверы, што з’яўляюцца знакам адкрытасці, якую сам Бог нам сведчыць, таксама і нашы дзверы павінны быць заўсёды адчыненымі, каб не адчужаць нікога”, - пажадаў Пантыфік.

Святы Айцец нагадаў, што яшчэ адным важным знакам Юбілею Міласэрнасці з’яўляецца споведзь – непасрэдная сустрэча з міласэрнасцю Папа. Ён дадаў, што Бог разумее людзей нават, калі яны памыляюцца і, больш за тое, менавіта калі прызнаём свае грахі, Ён знаходзіцца найбліжэй і заахвочвае нас глядзець наперад. 

Францішак адзначыў, што прыняцце Божага прабачэння і міласэранасці робіць вернікаў здольнымі прабачаць і быць міласэрнымі. “Таму, адважней! Перажывем Юбілей, пачынаючы з гэтых знакаў, якія нясуць вялікую сілу любові”, - заклікаў Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.