2015-12-14 14:44:00

Папа: мне больна бачыць беспрацоўную моладзь


14 снежня 2015 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельнікаў ініцыятывы Канферэнцыі Біскупаў Італіі пад назвай “Progetto Policoro”. Яна разлічана на беспрацоўную моладзь, пераважна паўднёваітальянскіх рэгіёнаў, і ўключае ў сябе шэраг адукацыйных і сацыяльных праектаў.

Святы Айцец высока ацаніў прект. Ён нагадаў, што праца дапамагае замацаванню годнасці чалавечага жыцця. “Кожны работнік мае права на яе абарону. Асабліва моладзь павінна мець магчымасць умацоўвацца ў надзеі на тое, што яе сілы, энтузіязм, інвестыцыі энергіі і рэсурсаў не будуць дарэмнымі”, - сказаў Францішак. 

Папа заўважыў, што сёння вялікая колькасць моладзі з’яўляецца беспрацоўнай. У Італіі, паводле яго, да такіх адносіцца каля 40% насельніцтва да 25-гадовага ўзросту. Многія юнакі і дзяўчаны перасталі шукаць працы, таму што трапілі ў роспач пасля шматлікіх адмоў або абыякавасці грамадства, якое аддае перавагу толькі прывілеяваным. Святы Айцец асудзіў карупцыю ў сферы найму на працу. Праца – гэта не падарунак, які ўручаецца толькі па рэкамендацыі, але ўсеагульнае права, дадаў ён. 

Касцёл, падкрэсліў Францішак, пакліканы даваць сведчанне ў сферы падтрымкі беспрацоўнай моладзі. “Гэта праўда, што Езус не вучыў непасрэдна таму, як ствараць магчымасці для працы. Не! Але Яго слова ніколі не перастае быць актуальным, канкрэтным, жывым, здольным кранаць чалавека і ўсіх людзей. Сёння Ён прамаўляе таксама да нас і заклікае ўчыніць з нашых ідэй, праектаў, жадання дзейнічаць, радасную навіну для свету”, - сказаў Пантыфік. 

Напрыканцы сустрэчы Святы Айцец прызнаўся, што пакутуе, калі бачыць беспрацоўную моладзь. Ён з жалем заўважыў, што ад роспачы такія юнакі і дзяўчаты нярэдка трапляюць у залежнасць ці сканчваюць жыццё самагубствам. Пантыфік паабяцаў сваю малітву ў інтэнцыі ініцыятывы і папрасіў разлічваць на яго падтрымку.








All the contents on this site are copyrighted ©.