2015-12-13 11:47:00

Францішак абвясціў аб сваім падарожжы ў Мексіку


12-18 лютага 2016 года папа Францішак здзейсніць Апостальскае падарожжа ў Мексіку. Аб сваім рашэнні Пантыфік абвясціў падчас св. Імшы ва ўспамін Маці Божай Гвадэлупскай – апякункі гэтай лацінаамерыканскай краіны, якую цэлебраваў у ватыканскай базыліцы вечарам 12 снежня 2015 г. 

У сваёй гаміліі, прамоўленай на іспанскай мове, Святы Айцец нагадаў, што любоў Бога да чалавека заўсёды бескарыслівая, бязмежная, і не чакае нічога наўзаем. Гэта міласэрная любоў з’яўляецца абагульненнем усяго евангельскага паслання і веры Касцёла, дадаў ён.

Францішак даверыў Панне Марыі пакуты і радасці народаў ўсяго лацінаамерыканскага кантынента. Ён памаліўся аб яе заступніцтве, каб Год Міласэрнасці стаў часам пашырэння міласэрнай любові ў сэрцах людзей, сем’яў і народаў, каб яны самі станавіліся міласэрнымі, а хрысціянскія супольнасці – аазісамі і крыніцамі міласэрнасці, сведкамі любові, “якая не дапускае адчужэння”. 








All the contents on this site are copyrighted ©.