2015-12-13 11:56:00

Папа наведае шэсць мексіканскіх гарадоў


Зала Друку Апостальскай Сталіцы прадставіла праграму падарожжа папы Францішка ў Мексіку. Візіт будзе насычаным падзеямі. Ён пачнецца ў сталіцы дзяржавы – Мехіка, куды Францішак прыляціць вечарам 12 лютага 2016 г. На наступны дзень – 13 лютага – пройдзе афіцыйная цырымонія прывітання Пантыфіка, яго сустрэча з Прэзідэнтам краіны, прадстаўнікамі ўладаў, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса. Папа таксама спаткаецца з мясцовымі біскупамі і будзе цэлебраваць Эўхырыстыю ў санктуарыі Маці Божай Гвадэлупскай.

14 лютага Святы Айцец на верталёце здзейсніць пералёт у горад Экатэпек, каб узначаліць св. Імшу на тэрыторыі мясцовага адукацыйнага цэнтра. Пасля вяртання ў Мехіка ён наведае педыятрычную клініку “Federico Gómez” і сустрэнецца з прадстаўнікамі свету культуры.

Раніцай 15 лютага папа Францішак прыбудзе ў горад Сан-Крыстабал-дэ-Лас-Касас, дзе будзе цэлебраваць св. Імшу з прадстаўнікамі мясцовых карэнных народаў. Пасля супольнага абеду з некаторымі з іх Пантыфік наведае мясцовую катэдру. Затым, на тэрыторыі стадыёна “Victor Manuel Reyna” у горадзе Тустля-Гут’ерэс адбудзецца яго сустрэча з сем’ямі. Вечарам Папа вернецца ў Мехіка.

16 лютага Святы Айцец здзейсніць пералёт у горад Марэлія. Тут ён спаткаецца з духавенствам, кансэкраванымі асобамі і семінарыстамі. Папа наведае мясцовую катэдру і сустрэнецца з моладзю на стадыёне “José María Morelos y Pavón”.

У апошні дзень свайго прабывання ў Мексіцы – 17 лютага – Пантыфік наведае горад Сьюдад-Хуарэс. Тут ён сустрэнецца са зняволенымі ў мясцовай турме, прадстаўнікамі свету працы, узначаліць св. Імшу і пасля цырымоніі развітання выляціць у Рым.








All the contents on this site are copyrighted ©.