2015-12-12 13:52:00

Рада кардыналаў завяршыла пасяджэнне ў Ватыкане


10-12 снежня 2015 г. у Ватыкане прайшло дванаццатае пасяджэнне Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам і падрыхтоўцы праекту рэформы Рымскай курыі. Пантыфік таксама прымаў удзел у працы, паведаміў 12 снежня 2015 г. кс. Фэдэрыка Ламбардзі, кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы.

Удзельнікі сустрэчы, у першую чаргу, пазнаёміліся з дакладам кардынала Леанарда Сандры, прэфекта Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў, і абмеркавалі дзейнасць гэта дыкастэрыі, яе кампетэнцыі і ролю ў сферы экуменічных адносін.

У ходзе пасяджэння звярталася ўвага на важнасць прамовы папы Францішка ад 17 кастрычніка 2015 г., прымеркаванай да 50-годдзя заснавання Сінода Біскупаў. У прыватнасці гаворка ішла пра закрануты Святым Айцом прынцып “сінадальнасці” і неабходнасць у “дэцэнтралізацыі”. Рада кардыналаў выказала пажаданне паглыбіць разважанне над гэтай прамовай і яе значэннем у кантэксце рэформы Рымскай курыі. Гэтаму пытанню будзе прысвечана яе лютаўскае пасяджэнне.

Пурпураты працягнулі дыскусію адносна стварэння двух новых дыкастэрый: па пытаннях свецкіх, сям’і і жыцця, і па пытаннях справядлівасці, міру і міграцыі, з мэтай прадставіць Папу канчатковыя прапановы.

Удзельнікамі пасяджэнне ўздымаліся пытанні эканамічнай сітуацыі Апостальскай Сталіцы. Старшыня Рады па эканамічных пытаннях, кардынал Рэйнхард Маркс паінфармаваў аб выбары кампаніі “PricewaterhouseCooper” у якасці знешняга аўдытара. 

Старшыня Сакратарыяту па эканамічных пытаннях, кардынал Джордж Пэл паведаміў аб стварэнні працоўнай групы па аналізе “будучыні” эканомікі Апостальскай Сталіцы і Дзяржавы Ватыкан. У яе склад, акрамя супрацоўнікаў Сакратарыяту, увайшлі прадстаўнікі Дзяржсакратарыяту, Губернатарату, Адміністрацыі маёмасці, Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў, Сакратарыяту па камунікацыі і Інстытута рэлігійных спраў. Працоўная група ўжо пачала сваю дзейнасць.

Падчас пасяджэння Рады, кардынал Шон О’Мэллі, старышыня Папскай камісіі па абароне непаўналетніх, паінфармаваў аб дзейнасці гэтай структуры,  распароўцы адукацыйных і выхаваўчых праграм, а таксама дапамозе мясцовым епіскапатам.

Члены Рады склалі расклад пасяджэнняў на 2016 г. Яны пройдуць: 8-9 лютага, 11-13 красавіка, 6-8 чэрвеня, 12-14 верасня і 12-14 снежня.








All the contents on this site are copyrighted ©.