2015-12-12 10:05:00

Ватыкан прыме Сусветны форум па пытаннях веры і спорту


Святы Пасад правядзе 5-7 кастрычніка 2016 г. Сусветную канферэнцыю па пытаннях веры і спорту. Гэта будзе першае ў гісторыі мерапрыемства такога маштабу. Яго ўжо падтрымалі Арганізацыя Аб’яднаных Нацый і Міжнародны алімпійскі камітэт. Плануецца, што ў адкрыцці трохдзённай канферэнцыі прымуць удзел папа Францішак, Генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун і старшыня МАК Томас Бах.

Арганізатарам сустрэчы “Спорт на службе чалавецтва” выступіла Папская рада па культуры. Яна павінна стаць месцам, дзе лідэры розных канфесій і рэлігій, прадстаўнікі спорту, бізнесу, навуковых колаў і сродкаў масавай інфармацыі атрымаюць магчымасць абмеркаваць, як вера і спорт могуць працаваць разам на карысць чалавецтва. 

Урачыстая цырымонія адкрыцця пройдзе ў ватыканскай Зале Паўла VI, а працоўныя пасяджэнні ў Зале Сінодаў. Плануецца, што кульмінацыяй форуму стане сумесная выніковая дэкларацыя яго ўдзельнікаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.