2015-12-12 12:32:00

ААН цэніць намаганні Святога Пасаду ў барацьбе з расізмам


ААН высока ацаніла намаганні Апостальскай Сталіцы ў дасягненні мэтаў Міжнароднай канвенцыі па ліквідацыі ўсіх форм расавай дыскрымінацыі. Аб гэтым гаворыцца ў справаздачы арганізацыі, якая 11 снежня 2015 г. была прадстаўлена ў Жэневе. У дакуменце адзначаецца важнасць “акцэнту”, зробленага папам Францішкам на неабходнасці барацьбы з беднасцю, якой часта падвергнуты асобныя расавыя і этнічныя групы грамадства.

Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы пры ААН, арцыбіскуп Сільвана Тамазі заўважыў, што члены Камісіі ААН па ліквідацыі расавай дыскрымінацыі, падкрэслілі станоўчую ролю Святога Айца ў актуальным сацыяльным кантэксце: яснасць, з якой ён рэагуе на пытанні дыскрымінацыі і кажа пра неабходнасць уключэння ўсіх людзей у жыццё грамадства і пра павагу да кожнай асобы. “Паўсюднае вымярэнне яго навучання было падкрэслена з вялікай сілай, асабліва ў пытаннях талерантнасці, прымірэння і павагі да людзей іншых расаў”, - сказаў ватыканскі дыпламат. Былі ацэнены заклікі Пантыфіка ў сувязі з феноменам міграцыі.

Іншым аспектам, які высока ацанілі ў ААН, ён назваў новае ватыканскае заканадаўства, якое прадугледжвае пакаранне за расавую дыскрымінацыю і сур’ёзна ставіцца да патрабаванняў Канвенцыі. 

У той жа час, прагучала некалькі парад у бок Святога Пасаду. Яны тычыліся: ўмацавання прававых норм, якія б дазвалялі караць выпадкі расавай дыскрымінацыі належным чынам; магчымасці кампенсацыі асобам, якія пацярпелі ў выніку такога роду дыскрымінацыі; падрыхтоўкі дадзеных аб расах і групах у структурах Каталіцкага Касцёла; укладу ў выхаванне і ахову здароўя людзей, незалежна ад іх расавай ці этнічнай прыналежнасці. Камітэт ААН прапанаваў таксама выявіць асоб з шэрагаў духавенства, якія прымалі ўдзел у генацыдзе ў Руандзе, каб яны панеслі належнае пакаранне.








All the contents on this site are copyrighted ©.