2015-12-11 11:46:00

Святы Пасад асуджае суперніцтва ў гандлёвай сферы


Дух узаемнай салідарнасці краін і людзей павінен заняць месца бясконцага суперніцтва, мэтай якога з’яўляецца набыццё і абарона прывелеяванай пазіцыі ў гандлёвай сферы, адзначыў пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН у Жэневе арцыбіскуп Сільвана Тамазі. Ватыканскі дыпламат прыняў удзел у пасяджэнні Генеральнага савету Сусветнай гандлёвай арганізацыі. Яно было прысвечана маючай пачацца ў Найробі 15 студзеня 2016 г. міністэрскай канферэнцыі гэтай міжнароднай структуры.

Прадстаўнік Святога Пасаду нагадаў пажаданне папы Францішка, выказанае падчас яго нядаўняга падарожжа ў Афрыку, каб канферэнцыя Сусветнай гандлёвай арганізацыі не служыла толькі збалансаванню супярэчлівых інтарэсаў, але паспрыяла пашырэнню клопату пра супольны дом чалавецтва і інтэгральнае развіццё кожнай асобы, асабліва патрабуючых.

Арцыбіскуп Тамазі падкрэсліў станоўчы ўклад міжнарожнай арганізацыі ў развіццё шматбаковага супрацоўніцтва ў гандлёвай сферы і барацьбу з дыскрымінацыямі, што служыць эканамічнаму развіццю яе краін-членаў. Адначасова ён заклікаў быць пільнымі, каб права, якое рэгуліруе міжнародны гандль не стварала больш спрыяльныя ўмовы для багатых краін, за кошт бедных. У сувязі з гэтым ён нагадаў словы з энцыклікі “Laudato si’” папы Францішка, аб тым, што “гандлёвы абмен не можа надалей абапірацца толькі на прынцып свабоднай і непадкантрольнай канкурэнцыі, якая вядзе на эканамічнай дыктатуры”.

Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы адзначыў, што “чалавечая асоба павінна знаходзіцца ў цэнтры кожнай гандлёвай стратэгіі”, каб лібералізацыя гандлю не закрывала краіны, якія развіваюцца, у пастцы беднасці, але наадварот –дазваляла ім выкарыстаць гэтыя магчымасці найлепшым чынам. 








All the contents on this site are copyrighted ©.