10 снежня 2015 г. у Ватыкане быў прадстаўлены новы дакумент Папскай камісіі па рэлігійных адносінах з юдаізмам пад назвай “Дары і пакліканне Божае нязменныя”. Ён прымеркаваны да 50-годдзя дэкларацыі Другога Ватыканскага Сабору пра адносіны Касцёла да нехрысціянскіх рэлігій “Nostra aetate”.
Дакумент разглядае тэалагічныя пытанні, якія тычацца адносін паміж католікамі і юдэямі. Падкрэсліваецца іх асаблівы статус у кантэксце міжрэлігійнага дыялогу, паколькі хрысціянства мае юдэйскія карані. У гэтым дыялогу гаворка не ідзе пра дзве “фундаментальна розныя” рэлігіі, якія развіліся без узаемнага ўплыву адна на адну, адзначылі аўтары дакументу.
Паводле іх, Езуса Хрыста можна зразумець толькі ў юдэйскім кантэксце Яго эпохі, хоць Ён, як Месія Ізраіля і Сын Божы, выходзіць за рамкі гэтага гістарычнага гарызонту. Бог адкрываецца ў Сваім Слове, аб’яўляючы Сябе людзям. Для юдэяў, гэта Слова прысутнічае ў Торы, а для хрысціян, Яно ўцелавілася ў Езусе Хрысце. У той жа час, Слова Божае непадзельнае і патрабуе ад людзей адказу, які можа ім дазволіць прыняць Яго, будучы ў належных адносінах з Богам, падкрэсліваецца ў дакуменце.
Адзначаецца таксама, што паміж Старым і Новым Запаветам існуе непарыўная еднасць, хоць яны і па рознаму тлумачацца вызнаўцамі хрысціянства і юдаізму, згодна з іх рэлігійнымі традыцыямі. Гэтыя сакральныя кнігі з’яўляюцца часткай адзінай гісторыі саюзу паміж Богам і Яго народам, хоць Новы Запавет неабходна разглядаць, як спаўненне старазапаветных абяцанняў.
Падкрэсліваецца, што праз Езуса Хрыста, праз Яго смерць і ўваскрасенне, усе людзі былі збаўлены. І хоць юдэі не могуць паверыць у Езуса Хрыста, як паўсюднага адкупіцеля, удзельнічаюць у збаўленні, бо дары і пакліканне Божае нязменныя. Гэта застаецца неспасцігальнай таямніцай збаўчай задумы Бога.
Дакумент ватыканскай камісіі заўважае, што хоць у дыялогу з юдаізмам католікі даюць сведчанне сваёй веры ў Езуса Хрыста, яны ўстрымліваюцца ад усялякай актыўнай спробы навяртання юдэяў і місіянерства сярод іх.
Напрыканцы дакументу гучыць заклік да лепшага ўзаемнага пазнання, прымірэння і дзейнасці на карысць справядлівасці, спакою, абароны стварэння, барацьбы з беднасцю.
All the contents on this site are copyrighted ©. |