2015-12-10 12:10:00

Памёр вядомы балівійскі кардынал


У Санта-Крус-дэ-ла-Сьера ў Балівіі 9 снежня 2015 г. увечары, ва ўзросце 79 гадоў, памёр кардынал Хуліа Тэразас Сандовал. На працягу многіх гадоў ён змагаўся з цяжкай хваробай сасудаў, страўніка і лёгкіх.

Іерарх стаў арцыбіскупам Мітрапалітам Санта-Крус-дэ-ла-Сьера ў 1991 г. Удзельнічаў у многіх важных касцёльных падзеях, у тым ліку у некалькіх пасяджэннях Сіноду Біскупаў і 4-й Генеральнай канферэнцыі епіскапату Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна ў Санта-Дамінга. З1985 па 1991 гг. і з 1998 па 2005 гг. кіраваў епіскапатам Балівіі. Падчас кансісторыя 21 лютага 2001 г. Ян Павел II уключыў яго ў Калегію кардыналаў. Ён прымаў удзел у двух канклавах: у красавіку 2005 г., калі быў абраны Бэнэдыкт XVI, і ў сакавіку 2013 г., калі абралі Францішка. 25 мая 2013 г. кардынал Тэразас адмовіўся ад далейшага кіравання архідыяцэзіяй Санта-Крус-дэ-ла-Сьера.

Кардынал сябраваў з папам Францішкам. Падчас свайго нядаўняга візіту ў Балівію Пантыфік наведаў яго ў шпіталі.  

У цяперашні час, Калегія кардыналаў налічвае 217 членаў, з якіх 117 маюць права ўдзелу ў магчымым канклаве. 29 з іх прызначыў Ян Павел II, 57 –Бэнэдыкт XVI, і 31 – Францішак.

Найстарэйшым кардыналам з’яўляецца італьянец Лорыс Франчэска Капавіла, якому ў кастрычніку споўнілася 100 гадоў, а самым маладым – танганец Соанэ Паціта Паіні Мафі, які праз некалькі дзён адзначыць свой 54-ы Дзень нараджэння.








All the contents on this site are copyrighted ©.