2015-12-09 12:09:00

З’явіўся даклад экспертаў Савета Еўропы адносна Ватыкану


Апостальская Сталіца апублікавала спецыяльную заяву ў сувязі з прыняццем Камітэтам экспертаў Савета Еўропы па ацэнцы мераў барацьбы з адмываннем грошай (Moneyval) “Другога дакладу аб ходзе работы” (Second Progress Report) адносна Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан.

Даклад быў зацвержаны “Moneyval” 8 снежня 2015 г. на пленарным пасяджэнні ў Страсбургу, што з’яўляецца часткай звычайнага працэсу справаздачнасці, прадугледжанага правіламі Камітэта экспертаў для ўсіх дзяржаў-членаў.

“Moneyval” станоўча ацаніў вынікі намаганняў Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан у мэтах далейшага ўмацавання іх інстытуцыйнай, прававой і аперацыйнай асновы для барацьбы з адмываннем грошай і фінансаваннем тэрарызму, гаворыцца ў спецыяльнай заяве. 

Даклад пацвярджае, што Апостальская Сталіца стварае функцыянальную, устойлівую і эфектыўную сістэму, скіраваную на прадухіленне і барацьбу з фінансавымі злачынствамі, сказаў кс. Антуан Камільеры, падсакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі, і кіраўнік ватыканскай дэлегацыі на пленарным пасяджэнні Камітэтам экспертаў Савета Еўропы.

Супрацоўніцтва паміж Святым Пасадам і “Moneyval” абумоўлена імкненнем ватыканскага боку да адаптавання ўласнага заканадаўства ў галіне барацьбы з адмываннем грошай і фінансавання тэрарызму да міжнародных стандартаў. “Moneyval” неаднойчы высока ацэньваў прадпрынятыя Апостальская Сталіцай крокі ў накірунку набліжэння фінансавага заканадаўства да міжнародных стандартаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.