2015-12-09 15:42:00

Ватыканскі іерарх заклікаў інвеставаць у “чыстую энергію"


Да амбіцыёзнасці і мужнасці ў заключэнні пагаднення аб клімаце, заклікаў удзельнікаў міжнароднай парыжскай канферэнцыі на гэту тэму старшыня Папскай рады “Iustitia et pax”, кардынал Пітэр Тарксан. Ён выступіў 8 снежня 2015 г. перад удзельнікамі форума. Паводле прадстаўніка Апостальскай Сталіцы, дакумент, які неабходна прыняць у імя супольнага дабра і салідарнасці, павінен адпавядаць этычным крытэрыям, якія падзяляюцца ўсімі.

Кардынал падкрэсліў, што пазіцыя Каталіцкага Касцёла з’яўляецца не пазіцыяй адной з дзяржаў, але “усёй чалавечай сям’і”. “Ніхто не мае права эксплуатаваць навакольнага асяроддзя”, - сказаў ён і нагадаў, што ў выніку кліматычных змен, выкліканых злоўжываннямі адносна экалогіі, найбольш пакутуюць самыя бедныя. Таму “нельга заставацца сляпымі перад абліччам несправядлівасці і няроўнасці, якімі зневажаецца наша планета і мільёны людзей”, дадаў прадстаўнік Святога Пасаду.  

Паводле кардынала Тарксана, кліматычныя праблемы выкліканы “састарэлым разуменнем развіцця”. Неабходны іншы тып прагрэсу: больш здаровы, больш чалавечны, больш салідарны і больш інтэгральны. Ён пажадаў, каб пагаденне аб клімаце ўлічвала не толькі “вузкія інтарэсы” асобных краін. Настаў момант для дзейнасці і “экалагічнага навяртання”, - сказаў ён. На думку ватыканскага іерарха, прагрэс, які грунтуецца на энергіі выкапнёвага паліва, пераўтварыўся ў рэгрэс па прычыне вялікай колькасці шкодных выкідаў.

Каб дзейнасць на карысць клімату была плённай, неабходна абапірацца на этычныя прынцыпы, супольнае дабро і салідарнасць. Канферэнцыя па клімаце павінна быць амбіцыёзнай, сказаў іерарх. Ён нагадаў, што з сённяшняга дня да 2030 года дастаткова інвеставаць каля 2 трыліёнаў долараў у год у “чыстую энергію”. Гэта велізарная сума, але яна складае менш за 2% ад сустветнага валавага ўнутранага прадукту і прыкладна адпавядае штогадовым выдаткам на вайсковыя мэты ў свеце, заўважыў прадстаўнік Святога Пасаду.








All the contents on this site are copyrighted ©.