2015-12-08 13:48:00

У Ватыкан прыедзе выстава сакральнага мастацтва Беларусі


У Ватыкан прыедзе выстава сакральнага мастацтва Беларусі. Ідэя ватыканска-беларускага культурнага праекту яшчэ распрацоўваецца, але вядома, што экспанаты прыбудуць з Нацыянальнага мастацкага музея краіны, а адчыніцца вернісаж у лютым-сакавіку. Аб гэтым паведаміў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч 8 снежня 2015 г. падчас прэс-канференцыі. 

“Гэта будуць абразы, іконы як праваслаўныя, так і каталіцкія, што нагадвае таксама аб экуменічным характары гэтага праекту. І вельмі важна, што у Ватыкане будзе паказана гісторыя хрысціянства нашай краіны. Я упэўнены, што выстава паспрыяе развіццю адносін паміж Беларуссю і Ватыканам, а таксама дапаможа наведвальнікам, якіх там кожны дзень тысячы, больш даведацца аб Беларусі і беларускім Касцёле”, - выказаў думку іерарх. 

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі выказаўся і на тэму ўнутрыкасцёльнага беларускага жыцця. Амаль увесь 2016 г. пройдзе пад знакам Юбілею Міласэрнасці. У Каталіцкім Касцёле ён пачаўся 8 снежня 2015 г. і працягнецца да 20 лістапада 2016 г., нагадаў арцыбіскуп Кандрусевіч. 

“Кожны Юбілейны Год – гэта адказ на выклікі нашага часу. Сёння вайна ўжо глядзіць у вочы чалавеку. Папа даўно кажа, што ідзе фрагментарная трэцяя сусветная вайна. Ёсць терарыстычныя акты, ёсць крызіс сям’і, крызіс чалавека. І мы павінны дапамагчы чалавеку, не застацца ў адзіноце, паказаць, што з ім ёсць Бог, Бог міласэрны”, - адзначыў іерарх. 

Менавіта пад знакам Года Міласэрнасці і пройдуць будучыя шматлікія ўрачыстыя падзеі, сустрэчы і малітвы ў Касцёле ў Беларусі. Урачыстае адкрыццё Святых Дзвярэй, услед за ватыканскай базілікай, у каталіцкіх храмах Беларусі адбудзецца ў бліжэйшую нядзелю, 13 снежня. Гэта сімвал – ніхто не можа быць выключаны з Божай міласэрнасці, а Касцёл – гэта дом, які прымае ўсіх і нікому не адмаўляе. Яго дзверы застаюцца шырока адчыненымі для кожнага.

Ларыса Абрамчук, Мінск.








All the contents on this site are copyrighted ©.