2015-12-07 13:06:00

Папа напісаў пасланне на Дзень малітваў аб пакліканнях


“Запрашаю ўсіх да сузірання апостальскай супольнасці і да падзякі за ролю, якую адыгрывае супольнасць на дародзе паклікання кожнага чалавека”, - напісаў папа Францішак у сваім пасланні на наступны, 53-ці Сусветны дзень малітваў аб пакліканнях, які будзе адзначацца ў Касцёле ў Чацвёртую Велікодную Нядзелю, 17 красавіка 2016 г. 

Пантыфік нагадаў, што “кожнае пакліканне ў Касцёле караніцца ў міласэрным поглядзе Езуса”. “Навяртанне і пакліканне – гэта як два бакі аднаго медаля; яны пастаянна спасылаюцца адно на аднаго на працягу ўсяго жыцця вучня – місіянера”, - дадаў ён. Божы заклік ажыццяўляецца з дапамогай супольнасці. Шляхам паклікання ідзецца разам з братамі і сёстрамі, якіх Бог дае нам. Папа назваў гэта “сумесным пакліканнем” і дадаў, што “касцёльны дынамізм паклікання з’яўляецца проціяддзем ад абыякавасці і індывідуалізму”. Ён заклікаў “усіх вернікаў” прыняць на сябе адказнасць за выхаванне і распазнанне пакліканняў”.

“Пакліканне нараджаецца ў Касцёле”, але і для ўсяго Касцёла,- падкрэсліў Францішак. “Ніхто не пакліканы выключна для канкрэтнага рэгіёну, групы або касцёльнага руху, але для Касцёла і для ўсяго свету”, дадаў ён. Менавіта ў супольнасці, якая становіцца для кандыдата домам і сям’ёй, можа нараджацца пакліканне. Тут ён вучыцца пазнаваць і любіць братоў і сясцёр, якія ідуць іншымі чым ён шляхамі, і ў выніку гэтыя сувязі ўмацоўваюць ва ўсіх дух супольнасці.

“Пакліканне развіваецца ў Касцёле”, - нагадаў Францішак. І гэты працэс мае на мэце пашырыць гарызонты мыслення кандыдата да святарства, які ў пачатку мае “абмежаванае бачанне”. Тут Святы Айцец прапануе некалькі практычных парад для тых, хто рыхтуецца да святарства. Такім асобам варта атрымаць досвед апостальскай працы разам з іншымі членамі супольнасці. Гаворка ідзе, напрыклад, пра абвяшчэнне хрысціянскага паслання разам з добрым катэхістам, прапаведванне на перыферыях з нейкай каталіцкай супольнасцю, адкрыццё скарбу сузірання ў досведзе кляўзуровага жыцця, лепшае разуменне місіі “ad gentes” у кантакце з місіянерамі, глыбейшае пазнанне душпастырскай працы ў парафіях разам з дыяцэзіяльнымі святарамі.

Францішак нагадаў, што: “Пакліканне падтрымліваецца Касцёлам”. “Пасля асноўнага выбару, дарога паклікання ў Касцёле не завяршаецца, але рэалізуецца ў гатоўнасці да служэння, у настойлівасці і бесперапыннай фармацыі”, - падкрэсліў ён і дадаў: “Той, хто прысвяціў сваё жыццё Пану, гатовы служыць Касцёлу там, дзе ў ім ёсць патрэба”.

Папа звярнуўся і да святароў. Ён нагадаў ім, што “душпастырская апека пакліканняў з’яўляецца неад’емнай часткай іх пастырскага служэння”. Вернікам Францішак нагадаў аб іх абавязку і місіі пастаяннай малітвы за пакліканні і падтрымкі тых, хто адчувае Божы заклік.

“Ойча міласэрнасці, Які даў Сына Свайго для нашага збаўлення і пастаянна падтрымліваеш нас дарамі Твайго Духа, дай нам жывыя, гарачыя і радасныя хрысціянскія супольнасці, якія б былі крыніцай братэрскага жыцця, і нараджалі ў маладых людзях жаданне прысвяціць сябе Табе і евангелізацыі”, - звярнуўся Францішак з малітвай у завяршэнне свайго паслання на наступны Сусветны дзень малітваў аб пакліканнях.








All the contents on this site are copyrighted ©.