2015-12-04 12:52:00

Папа прысутнічаў на першым адвэнтавым казанні


Святы Айцец і супрацоўнікі Рымскай курыі 4 снежня 2015 г. пачулі першае адвэнтавае казанне прапаведніка Папскага дома, айца Раньера Канталамесы. Яго сёлетнія разважанні прысвечаны аднаму з асноўных дакументаў Другога Ватыканскага Сабора – Дагматычнай канстытуцыі пра Касцёл “Lumen gentium”. У яго святле папскі прапаведнік вырашыў прадставіць тры тэмы: Касцёла, як Цела і Нявесты Хрыста, паўсюднага закліку да святасці і навучання пра Найсвяцейшую Панну Марыю. 

Аб іншы трох фундаментальных дакументах Сабора – Канстытуцыях aб літургіі “Sacrosanctum Concilium”, Божым Слове “Dei Verbum” і Касцёле ў сучасным свеце “Gaudium et spes” – гаворка пойдзе ў велікапостных казаннях, падзяліўся планамі на будучыню італьянскі законнік.

Першыя словы канстытуцыі “Lumen gentium” – “Святло народаў” адносяцца не да Касцёла, а да Хрыста. Яны падкрэсліваюць, што эклезіялогія Сабора з’яўляецца хрысталагічнай, і таму, у першую чаргу, духоўнай і містычнай, а не сацыяльнай і інстытуцыянальнай. “Неабходна вярнуць на першае месца гэта хрысталагічнае вымярэнне эклезіялогіі Сабора, таксама і дзеля больш плённай евангелізацыі. Гэта не Хрыстус прымаецца з любові да Касцёла, але Касцёл з любові да Хрыста. Нават Касцёл, скажоны грахом многіх сваіх прадстаўнікоў”, - сказаў ён.

Айцец Канталамеса падкрэсліў, што падобнае духоўнае і ўнутранае бачанне Касцёла ніколі не адхілялася; “але, як заўсёды адбываецца з чалавечымі справамі, новае рызыкуе пакінуць у цені старое, актуальнае хавае з вачэй вечнае, а тэрміновае бярэ верх над важным”. “Сталася так, што ідэі касцёльнага адзінства і Божага народу былі развіты пераважна ў гарызантальным і сацыялагічным сэнсе”, больш канцэнтруючы ўвагу на “адзінстве членаў Касцёла паміж сабой, чым на адзінства ўсіх членаў з Хрыстом”, - адзначыў капуцын. На яго думку, сёння важна аднавіць належную раўнавагу.

Тэрмінова важнай, паводле яго, з’яўляецца новая евангелізацыя, якая ўлічвае новую сітуацыю. Трэба стварыць для сучасных людзей такія магчымасці, які дазволяць ім прыняць асабістае і сталае рашэнне, падобнае таму, якое першыя хрысціяне бралі на сябе з прыняццем сакрамэнту хросту і якое чыніла з іх сапраўдных, а не намінальных вернікаў.

Між іншым, прапаведнік нагадаў пра эфектыўнасць пэўнага кшталту катэхуменальнага шляху, які практыкуецца ў шматрэлігійных ці шматканфесійных краінах і які прадэманстраваў сваю эфектыўнасць. Але, што рабіць з мноствам ужо ахрышчаных хрысціян, якія толькі называюцца такімі, але для якіх Касцёл і сакрамэнтальнае жыццё з’яўляюцца абсалютна чужымі?

Адказам на гэту праблему, паводле капуцына, з’яўляюцца шматлікія касцёльныя рухі, свецкія аб’яднанні і абноўленыя парафіяльныя супольнасці, якія з’явіліся пасля Сабора. Іх важны уклад заключаецца ў тым, што яны дапамагаюць многім дарослым людзям асабіста абраць Езуса, сур’ёзна паставіцца да свайго хросту, стаць актыўнымі суб’ектамі Касцёла.

Айцец Канталамеса нагадаў, што Езус – гэта “не персанаж, а асоба”. Ён уваскрослы, жывы і прысутны, таму неабходна любіць Яго і дапамагаць людзям любіць Яго. Гэта, паводле прапаведніка, можа стаць лепшым служэннем Касцёлу. “Калі Касцёл – гэта Нявеста Хрыста, то як кожная нявеста, ён нараджае новых дзяцей, з любові яднаючыся з Жаніхом. Плённасць Касцёла залежыць ад яго любові да Хрыста. Самым каштоўным служэннем, якое кожны з нас можа аказаць Касцёлу з’яўляецца любоў да Хрыста і ўзрастанне ў блізкасці з Ім”, - сказаў прапаветнік на заканчэнне свайго казання.








All the contents on this site are copyrighted ©.