2015-11-29 13:59:00

Святы Айцец пра мэту свайго візіту у ЦАР


“Я прыбываю, як пілігрым міру і прадстаўляю сябе, як апостала надзеі”, - з такімі словамі папа Францішак звярнуўся 29 лістапада 2015 г. да палітычнага кіраўніцтва Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі і прадстаўнікоў дыпламатычнага корпуса, падчас візіту ветлівасці ў Прэзідэнцкі палац у Бангі.

Святы Айцец высока ацаніў намаганні, прыкладзеныя шматлікімі нацыянальнымі і міжнароднымі ўладамі для паступовай нармалізацыі грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне. Ён усклаў вялікую надзею на маючыя адбыцца пра некалькі тыдняў перамовы паміж рознымі канфліктуючымі бакамі ў Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы, каб яна магла “увайсці ў новую фазу сваёй гісторыі”.

У якасці арыентыру, да якога неабходна імкнуцца, Пантыфік указаў на дэвіз краіны, што выражае ідэалы аб якіх марылі яе айцы-заснавальнікі: “Адзінства – Годнасць – Праца”. “Сёння, больш чым учора, гэта трылогія выражае памкненні кожнага цэнтральнаафрыканца і такім чынам з’яўляецца компасам для ўладаў, якія маюць заданне кіраваць лёсам краіны”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Гаворачы пра важнасць адзінства, Папа заўважыў, што ў цэнтральнаафрыканскім кантэксце яно заключаецца ў тым, каб жыць і будаваць краіну абапіраючыся на цудоўную разнастайнасць навакольнага свету, пазбягаючы спакусы страху перад іншым, перад тым, што не блізкае, не належыць да ўласнай этнічнай групы, палітычных рашэнняў і рэлігійнай прыналежнасці. “Наадварот, адзінства патрабуе стварэння і падтрымкі сінтэза багаццяў, носьбітам якога з’яўляецца кожны. Адзінства ў адметнасцях – гэта пастаянны выклік, які патрабуе крэатыўнасці, шчодрасці, самаадрачэння і павагі да іншых”, - сказаў Францішак.

Годнасць, паводле Святога Айца, з’яўляецца сінонімам сумленнасці, законнасці, ласкі і гонару, якія характарызуюць людзей, што ўсведамляюць свае правы і абавязкі і ўзаемна паважаюць іх. Неабходна клапаціцца пра годнасць кожнага чалавека. “Хто мае сродкі, каб весці годнае жыццё, замест таго, каб клапаціцца пра ўласныя прывелеі, павінен імкнуцца дапамагаць больш бедным і даваць ім доступ да жыццёвых умоваў, паважлівых да годнасці чалавека, асабліва пра развіццё чалавечага, культурнага, эканамічнага і сацыяльнага патэнцыялу”, - сказаў Папа. Ён нагадаў пра важнасць гарантавання доступу да адукацыі і медыцынскага абслугоўвання, барацьбы з голадам і забеспячэння даху над галавой.

Гаворачы пра каштоўнасць працы, Пантыфік заўважыў, што праз яе магчыма палепшыць зямлю, мудра выкарыстоўваючы яе шматлікія рэсурсы. Францішак нагадаў пра вялікую біяразнастайнасць тэрыторыі Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі і заклікаў клапаціцца аб яе захаванні і салідарнасці паміж жыхарамі краіны.

Мясцовыя ўлады Святы Айцец заахвоціў быць дакладным адлюстраваннем каштоўнасцяў адзінства, годнасці і працы і прыкладам для ўсіх грамадзян. Ён таксама нагадаў пра неабходнасць гарантавання Каталіцкаму Касцёлу ў Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы ўмоваў для выканання яго духоўнай місіі, што, паводле яго слоў, можа “паспрыяць кожнаму чалавеку і ўсяму чалавеку”. 








All the contents on this site are copyrighted ©.