2015-11-29 13:16:00

Папа прыбыў у Цэнтральнаафрыканскую Рэспубліку


29 лістапада 2015 г. папа Францішак прыбыў у трэцці пункт свайго “афрыканскага падарожжа”. Пасля Кеніі і Уганды Святы Айцец накіраваўся ў Цэнтральнаафрыканскую Рэспубліку – краіну, якая на працягу апошніх трох гадоў была арэнай грамадзянскай вайны.

Самалёт італьянскай авіякампаніі “Alitalia” з Пантыфікам на борце прызямліўся дакладна па раскадзе. Палёт са сталіцы Уганды, Кампалы да сталіцы Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі, Бангі працягваўся 2 гадзіны 45 хвілін. За гэты час у паветры было пераадолена 1618 кіламетраў.

Першымі, хто прывітаў Святога Айца пасля прызямлення былі дзеці з лагера для бежанцаў, які размешчаны ў непасрэднай блізкасці ад пасадачнай паласы аэрапорта. Францішка сустракалі таксама часовы Прэзідэнт Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі Катрын Самба-Панза, некаторыя іншыя палітычныя лідэры, мясцовыя біскупы і група вернікаў.

Пасля выканання гімнаў і прадстаўлення афіцыйных дэлегацый Пантыфік правёў кароткую размову з часовым кіраўніком дзяржавы, а затым накіраваўся ў Прэзідэнцкі палац у Бангі на сустрэчу з палітычнымі лідэрамі краіны і прадстаўнікамі дыпламатычнага корпуса.

Нягледзячы на напружаную атмасферу ў Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы, пра якую нагадваюць тысячы ўзброеных міратворцаў на вуліцах сталіцы, Святы Айцец не змяняў праграмы свайго візіту. 30 лістапада 2015 г. Францішак наведае мячэць, якая размешчана ў мусульманскім квартале Бангі і ўзначаліць Эўхарыстыю на тэрыторыі сталічнага спартыўнага комплекса, “калі не здарыцца неспадзяванак”, распавёў журналістам кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы, кс. Фэдэрыка Ламбардзі.

Генеральны інспектар Ватыканскай жандармерыі Дамініка Джані распавёў, што былі ўстаноўлены неабходныя кантакты ў усімі структурамі адказнымі за бяспеку ў горадзе і нагадаў, што сілы ААН і Францыі маюць тут свае “асаблівыя заданні”.

Да папы Францішка Цэнтральнаафрыканскую Рэспубліку наведваў толькі адзін Пантыфік: Ян Павел ІІ, у 1985 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.