2015-11-28 16:27:00

Папа да моладзі Уганды: ператварайце нянавісць у любоў


“Ніколі не пераставайце маліцца. Малітва – самая моцная зброя, якую мае малады чалавек”, - з такім заклікам звярнуўся Пантыфік да моладзі Уганды 28 лістапада 2015 г. падчас сустрэчы ў сталіцы краіны, Кампале.

Каб прывітаць Святога Айца, памаліцца разам з ім, пачуць яго мудрыя словы, а таксама падзяліцца сваім няпростым жыццёвым вопытам на тэрыторыі былога сталічнага аэрапорта сабралося больш за 150 тыс. чалавек. Францішак выслухаў кранальныя гісторыі маладой жанчыны ад нараджэння хворай на СНІД і семінарыста, які перажыў палон у адной з паўстанскіх груповак і бачыў катаванні і смерць сваіх сяброў.

Пантыфік прызнаўся, што гэтыя трагічныя сведчанні прымусілі яго задумацца: ці можа негатыўны вопыт стаць станоўчым у жыцці? І адказ на гэтае пытанне: “Так!” “Жыццё – гэта вялікі цуд”, - сказаў Папа і запэўніў, што моцаю Хрыста заўсёды можна адкрыць новыя гарызонты. Негатыўны вопыт кожнага чалавека Бог пераўтварае ў надзею, пацвярджэннем чаму з’яўляюцца жыцці людзей, сведчанні, якіх былі выслуханы напачатку сустрэчы, лічыць ён. 

“У жыцці закладзена зерне: каб жыць, неабходна памерці, часамі памерці фізічна”, - сказаў Францішак. Ён нагадаў пра прыклад угандскіх мучанікаў у смерці якіх прысутнічае сапраўднае жыццё, “жыццё для ўсіх”. “Калі я ператвараю негатыўнае ў пазітыўнае, з’яўляюся пераможцам. Гэта, аднак, магчыма толькі з Божай дапамогай”, - сказаў Францішак і заклікаў моладзь пераўтваць нянавісць у любоў, вайну ў міру.

Пантыфік нагадаў маладым людзям Уганды, што ў іх венах цячэ кроў мучанікаў, і дзякуючы гэтаму яны маюць веру. Ён заклікаў заўсёды шукаць дапамогі ў Езуса і Марыі. “Калі дзіцятка падае, пачынае плакаць і шукае матулю, калі мы маем праблемы, найлепшы выхад – ісці да Марыі, нашай Маці”, - параіў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.