2015-11-28 12:12:00

Папа да катэхэтаў: будзьце сведкамі веры


Настаўнік адначасова павінен быць сведкам і “сваім прыкладам дэманстраваць іншым прыгажосць малітвы, моц міласэрнасці і прабачэння, радасць ад сумеснага спажывання Эўхарыстыі з усімі братамі і сёстрамі”, - падкрэсліў Папа Францішак увечары 27 лістапада 2015 г. падчас сустрэчы з катэхэтамі і настаўнікамі ў сталіцы Уганды, Кампале.

Спатканне пачалося з асаблівага афрыканскага прывітання высокага госця. Святы Айцец меў магчымасць пачуць мясцовую традыцыйную музыку і пабачыць выступленні танцораў. На сустрэчы прысутнічалі тысячы людзей. У яе рамках Пантыфік асвяціў вуглавы камень для новага касцёла, а таксама пасадзіў дрэва разам з прадстаўнікамі іншых хрысціянскіх канфесій, якія пражываюць ва Угандзе. 

Пантыфік звярнуў увагу на святасць справы распаўсюджвання Добрай Весткі і выхавання дзяцей і дарослых у духу сапраўднай веры. “Нават калі заданне здаецца складаным, рэсурсаў аказваецца мала, а перашкоды вялікія, для вас будзе добра памятаць, што праца, якую здзейсняеце – святая”, - сказаў ён.

Папа падкрэсліў, што важна не толькі навучаць, але даваць асабісты прыклад, каб праўда веры пранікла глыбока ў сэрцы людзей. “Вы абраныя для місіі катэхізацыі”, - дадаў Святы Айцец і выказаў асаблівую ўдзячнасць за навучанне дзяцей і моладзі малітве.

“Хрысціянская супольнасць Уганды вырасла дзякуючы сведчанню сваіх мучанікаў, – адзначыў Францішак. – Яны абвяшчалі праўду, якая дае свабоду; яны пралілі сваю кроў, каб застацца вернымі таму, што добрае, прыгожае і сапраўднае”. 

“Сведкі святасці! Ідзіце без страху ў кожны горад і вёску вашай краіны, каб сеяць добрае зерне Божага Слова, захоўвайце веру ў Божае абяцанне аб тым, што вернецеся радаснымі, са снапамі, пойнымі шчодрага ўраджаю”, - заклікаў Пантыфік удзельнікаў сустрэчы.








All the contents on this site are copyrighted ©.