2015-11-28 15:17:00

Пантыфік да Касцёла ў Афрыцы: не забывайце пра бедных


“Не забывайце пра бедных” – такі заклік папа Францішак скіраваў да парафій і каталіцкіх супольнасцяў прысутных у Афрыцы. 28 лістапада 2015 г. Францішак здзейніў візіт у дабрачынны Дом Міласэрнасці ў сталіцы Уганды, Кампале. Гэта каталіцкая структура аказвае разнастайную дапамогу патрабуючым, інвалідам і хворым. 

“Евангелле прымушае нас выйсці ў напрамку перыферый грамадства і знайсці Хрыста ў пакутуючых і патрабуючых. Пан адназначна кажа, што будзе судзіць нас па гэтым крытэрыі! Сумна, калі нашы супольнасці дазваляюць, каб пажылыя людзі былі выкінуты на ўзбочыну ці забыты! Ганебна, калі моладзь эксплуатуецца ў сучасным рабстве гандлю людзьмі! Калі ўважліва паглядзім на свет, які нас акружае, здаецца, што ў многіх месцах распаўсюджваецца эгаізм і абыякавасць”, - з жалем канстатаваў Пантыфік. 

Францішак заўважыў, што многія людзі сёння сталі ахвярамі культуры, якую можна акрэсліць словамі “пакарыстаўся і выкінуў” – культуры, якая пагарджае ненароджанымі дзецьмі, моладзю і асабліва пажылымі людзьмі.

Хрысціяне не могуць проста стаяць і глядзець на гэта. “Нешта павінна змяняцца! Нашы сем’і павінны стаць яшчэ больш відавочнымі знакамі цярплівай і міласэрнай любові Бога, не толькі да нашых дзяцей і старыкоў, але да ўсіх, хто знаходзіцца ў патрэбе”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Паводле слоў Пантыфіка, гаворка ідзе пра шлях сапраўднага сведчання вучняў Хрыста. “Менавіта такім чынам мы можам даць сведчанне аб Пану, які прыйшоў не для таго, каб Яму служылі, але каб служыць. Так мы пакажам, што людзі каштуюць больш за рэчы і што тое, чым яны з’яўляюцца, важней за тое, чым валодаем. Сапраўды, менавіта ў тых, каму служым, Езус штодзённа адкрывае сябе і рыхтуе прыём, які спадзяемся атрымаць аднойчы ў Яго вечным Валадарстве”, - сказаў Папа.

Напрыканцы сваёй прамовы Святы Айцец заклікаў праз маленькія, простыя і пабожныя жэсты пашаны да Хрыста ў братах і сёстрах, дазволіць сіле Яго любові ўвайсці ў свет і па-сапраўднаму змяніць яго. 








All the contents on this site are copyrighted ©.