2015-11-28 14:03:00

Мучаніцтва і экуменізм – галоўныя тэмы візіту Папы ва Уганду


Тэмы мучаніцтва і экуменізма – цэнтральныя падчас падарожжа папы Францішка ва Уганду, заўважыў кс. Фэдэрыка Ламбардзі. Кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы падкрэсліў, што Уганда – гэта зямля першых афрыканскіх мучанікаў сучаснай эпохі, таму мясцовы Касцёл мае асаблівае значэнне для ўсяго кантынента. Адно з заданняў Святога Айца тут заключаецца ў тым, каб нагадаць пра іх сведчанне і дапамагчы цалкам зрамець яго значэнне.

Кс. Ламбардзі звярнуў увагу на важнасць тэмы мучаніцтва для Пантыфіка. Ён правёў паралель з візітам Папы ў Паўднёвую Карэю, дзе ўспамін пра людзей, якія ахвяравалі жыццём за веру быў адным з лейтматываў.

Іншы аспект, вельмі дарагі Францішку – гэта экуменізм. Ва Угандзе ён звязаны з экуменізмам крыві, пра які Папа часта кажа. “Той факт, што католікі і англікане аднолькава і ў такіх жа абставінах аддалі свае жыцці, кажа, што яны мелі аднолькавую веру і былі пакліканы Езусам Хрыстом да аднолькавага і самага вялікага сведчання – сведчання любові большай за жыццё”, - сказаў прадстаўнік Святога Пасаду. 

Кс. Ламбардзі звярнуў увагу на тое, што тэмы звязаныя з праблемамі моладзі, беднасцю, несправядлівасцю і адсутнасцю міра, ўзнятыя Пантыфікам ў Кеніі, знойдуць свой працяг і ў далейшай частцы яго афрыканскага падарожжа, паколькі актуальныя для ўсяго кантынента.

Гаворачы пра рашэнне Святога Айца наведаць Цэнтральнаафрыканскую Рэспубліку кіраўнік Залы Друку, заўважыў, што менавіта пра гэту краіну Папа думаў у першую чаргу, калі планаваў падарожжа ў Афрыку. “Мы ўжо бачылі, што Папа, таксама і ў Еўропе, пачаў з перыферый, а не больш моцных краін. Таксама і падчас свайго першага падарожжа ў Афрыку ён моцна хацеў дакрануцца да краіны, (...) якая мае асаблівыя праблемы ў гэты перыяд”, - сказаў ён і дадаў, што Францішак заўсёды імкнецца прысутнічаць сярод найбольш патрабуючых, бедных і пакутуючых. 








All the contents on this site are copyrighted ©.