2015-11-27 13:29:00

Пантыфік: рашэнне многіх праблем не ў фінансах, а братэрстве


Папа Францішак перакананы, што рашэнне шматлікіх сацыяльных праблем не ў фінансавых сродках, але братэрстве паміж людзьмі. Аб гэтым Пантыфік сказаў у відэазвароце да ўдзельнікаў V Фестывалю сацыяльнага навучання Касцёла, які распачаў сваю працу 27 лістапада 2015 г. у італьянскай Вероне.

Пантыфік заўважыў, што сучаснае жыццё напоўнена вялікай колькасцю падзей, навін і праблем, за якімі часта не заўважаюцца цяжкасці людзей, што знаходзяцца побач. Такая абыякавасць пераўтвараецца ў своеасаблівую абарону ад клопатаў, становіцца магчымасцю, каб быць больш спакойнымі. 

Абыякаваць вынікае з эгаізму чалавека, вымушае яго жыць па-за межамі рэальнасці і робіць няшчасным. Схіляцца – вось патрэбнае слова. Схіляцца да іншага – гэта, па словах Святога Айца, самы правільны спосаб, каб распаліць любоў, адчуць натхненне, знайсці канкрэтныя адказы на праблемы.

Выклікі сучаснасці патрабуюць таксама здольнасці размаўляць, будаваць масты замест муроў. Гэта час для дыялогу, а не абароны з дапамогай жорсткасці, адзначыў папа Францішак і заклікаў да пазнання “містыкі” супольнага жыцця, узаемападтрымкі, “удзелу ў гэтым крыху хаатычным моры, якое, аднак, можа перамяніцца ў сапраўдны досвед братэрства, караван салідарнасці і святое пілігрымаванне”.

Паводле Святога Айца, выклікі сучаснасці ўказваюць на неабходнасць перамен. Спажывецтва, пакланенне грошам, няроўнасць і несправядлівасць, уніфікацыя пануючай думкі – рашэнне гэтых праблем палягае не ў фінансах, але ў братэрстве. Сапраўдныя перамены, на думку Папы, пачынаюцца з саміх людзей і з’яўляюцца плёнам Святога Духа. “Асобы, унутрана перамененыя Духам, вядуць да сацыяльных зменаў”, – дадаў ён.

Гаворачы пра экалагічныя выклікі, Францішак заклікаў вучыцца чуць крык Зямлі. “Гэтая тэма датычыць, несумненна, палітыкі, эканомікі, выбару стратэгій развіцця, аднак нішто не можа замяніць нашых асабістых намаганняў”, – сказаў Святый Айцец і падкрэсліў, што праблемы экалогіі – гэта адначасова і сацыяльныя праблемы, а гэта значыць, што клопат пра зямлю становіцца і клопатам пра бедных.








All the contents on this site are copyrighted ©.