2015-11-26 09:50:00

Францішак: здароўе грамадства залежыць ад здароўя сем’яў


26 лістапада 2015 г. папа Францішак узначаліў Эўхарыстыю ў сталіцы Кеніі, Найробі. Напачатку сваёй гаміліі Пантыфік выказаў радасць з прычыны далучэння Кеніі да сям’і хрысціянскіх народаў. 

Ён заўважыў, што гэта краіна была благаслаўлёная моцным сямейным жыццём, вялікай павагай да мудрасці пажылых людзей і любоўю да дзяцей. “Здароўе кожнага грамадства залежыць ад здароўя сем’яў”, - сказаў Францішак і заклікаў падтрымліваць іх місію ў жыцці грамадства, прымаць дзяцей у якасці благаслаўлення і бараніць годнасць кожнага мужчыны і жанчыны, паколькі ўсе з’яўляюцца братамі ў адзінай чалавечай сям’і.

Папа заклікаў супрацьстаяць практыкам, якія спыряюць неадуканавасці сярод людзей, раняць жанчын і прыніжаюць іх, а таксама пагражаюць жыццю ненароджаных дзяцей. Паводле яго слоў, хрысціянскія сем’і маюць асаблівую місію: выпраменьваць любоў Бога і выліваць ажыўляючую ваду Яго Духа. “Гэта асабліва важна сёння, таму што назіраем наступленне новых пустыняў, створаных культурай матэрыялізму і абыякавасці да іншых”, - сказаў ён.

Францішак звярнуўся да кенійскай моладзі з заклікам да будавання ўсё больш справядлівага, інклюзіўнага і паважлівага да чалавечай годнасці грамадства з апорай на вялікія традыцыйныя афрыканскія каштоўнасці, мудрасць і праўду Божага слова і шчодры ідэалізм, уласцівы маладым пакаленням. Ён заклікаў таксама клапаціцца пра бедных і адкідаць усё, што вядзе да забабонаў і дыскрымінацый. 

Напрыканцы гаміліі Папа нагадаў пра вялікае місійнае заданне, даверанае кожнаму верніку. Хрыстус кліча быць місійнымі вучнямі, людзьмі, якія выпраменьваюць праўду, прыгажосць і сілу Евангелля, якое перамяняе жыццё, падкрэсліў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.