2015-11-26 09:25:00

Пантыфік: не выкарыстоўваць імя Бога для апраўдання насілля


Міжрэлігійны дыялог, гэта не штосьці дадатковае і апцыянальнае, але істотнае, гэта штосьці, у чым свет, паранены канфліктамі і падзеламі, заўсёды мае патрэбу, сказаў папа Францішак 26 лістапада 2015 г. падчас экуменічнай і міжрэлігійнай сустрэчы ў сталіцы Кеніі, Найробі, у рамках свайго Апостальскага падарожжа ў Афрыку.

Святы Айцец заўважыў, што рэлігійныя вераванні ўзбагачаюць грамадства. “Бяручы на сябе клопат пра духоўнае развіццё нашых супольнасцяў, фарміруючы думкі і сэрцы да праўды і каштоўнасцяў, якім навучаюць нашы рэлігійныя традыцыі, мы становімся благаслаўленнем для супольнасцяў, у якіх жыве наш народ. У дэмакратычным і плюралістычным грамадстве, як гэта, супрацоўніцтва паміж рэлігійнымі лідэрамі і іх супольнасцямі становіцца важным служэннем супольнаму дабру”, - сказаў ён.

Паводле Францішка, у сённяшнім, усё больш узаемазалежным свеце, неабходна міжрэлігійнае паразуменне, сяброўства і супрацоўніцтва на карысць абароны годнасці, якой Бог надзяліў кожнага чалавека і народ, а таксама іх права на жыццё ў свабодзе і шчасці. Абараняючы гэту годнасць і правы, рэлігіі выконваюць важную ролю ў фарміраванні сумленняў, прывіванні моладзі да глыбокіх духоўных каштоўнасцяў і падрыхтоўцы добрых грамадзян, здольных пашыраць у грамадскай супольнасці сумленнасць, інтэгральнасць і такое бачанне свету, у якім высока цэніцца чалавечая асоба, а не ўлада ці матэрыяльны прыбытак.

Папа нагадаў, што імя Бога ніколі не павінна выкарыстоўвацца для апраўдання насілля і нянавісці. “Я ведаю, што ў вас яшчэ жывы ўспамін пра варварскія напады ў “Westgate Mall”, універсітэцкім каледжы ў Гарысе і Мандэры. Вельмі часта юнакі становяцца экстрэмістамі ў імя рэлігіі, каб сеяць разлады і страх і разрываць структуру нашых грамадстваў. Як важна, каб мы прызнаваліся ў якасці прарокаў супакою, міратворцаў, якія заклікаюць іншых жыць у згодзе, гармоніі і ўзаемнай павазе. Няхай Усемагутны дакранецца да сэрцаў тых, хто здзейсняе гэта насілле і адорыць сваім супакоем нашы сем’і і супольнасці”, - пажадаў Пантыфік.  








All the contents on this site are copyrighted ©.