2015-11-25 12:44:00

Кенія чакае Святога Айца


Найробі, сталіца Кеніі, чакае першага візіту Францішка ў Афрыку. На месцах сустрэч з Папам трываюць апошнія падрыхтоўчыя працы. У спартыўным цэнтры “Kasarani” чакаецца 200 тыс. маладых хрысціян з усёй Кеніі, з якімі Святы Айцец павінен сустрэцца і ўмацаваць іх веру, але і надзею перад велізарнай праблемай беспрацоўя сярод маладога пакалення. 3 тыс. валанцёраў задзейнічана ў падрыхтоўцы спаткання.

На плошчы ля ўніверсітэта Найробі, у самым сэрцы сталіцы, дзе Святы Айцец узначаліць Эўхарыстыю для 1,5 млн. вернікаў, што складае 10% усіх католікаў ў Кеніі, ужо ўсталяваны подыум для галоўнага алтара. Тэлебачанне трансліравала нават транспартыроўку гістарычнага алтара, прывезенага з гэтай нагоды з дыяцэзіі Ньеры. Гэты драўляны алтар выкананы ў 1918 г., у першым цяслярскім атэлье, заснаваным каталіцкімі місіянерамі. На ім у маі гэтага года была адпраўлена беатыфікацыйная св. Імша італьянскай місіянеркі, сястры Ірэн Ньята Стэфані. Алтар з’яўляецца сімвалам гісторыі Касцёла ў Кеніі.

Трушчобы ў Кангемі таксама рыхтуюцца вітаць прадстаўнікоў іншых бедных раёнаў сталіцы. Сустрэча з Папы з імі пройдзе ў мясцовым касцёле св. Юзафа Работніка. Гэта не толькі свята для бедных, таксама і іншыя заінтрыгаваны візітам Папы ў трушчобы.

У мінулую нядзелю Хрыста Валадара, падчас унясення рэліквій Каўчэга Запавету ў санктуарый Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Найробі, Прэзідэнт Рэспублікі, Ухуру Кеніята, католік, заклікаў усіх да нацыянальнага прымірэння ў кантэксце папскай пілігрымкі. Людзі, аднак, чакаюць, што Пантыфік скіруе заклік да палітычнага класу, які страціў давер грамадства з-за паўсюднай карупцыі. Яны ўпэўнены, што Папа, таксама і як кіраўнік дзяржавы, прапануе мясцовым палітыкам іншы стыль кіравання – служэнне, а не нажыву.

У сувязі з шматлікімі тэрактамі, якія раней адбываліся ў Кеніі, сілы бяспекі, паліцыі і арміі актывізавалі кантроль. Іх можна ўбачыце на кожнай вуліцы, што па меншай меры стварае пачуццё бяспекі, у якім кенійцы маюць вялікую патрэбу.

У Кеніі ўсе вераць, што папскі візіт, пад дэвізам: “Не бойцеся!”, стане сапраўднай падтрымкай для людзей, стомленых нягодамі жыцця, і наступным крокам да ўмацавання адзінства ў расколатым грамадстве.








All the contents on this site are copyrighted ©.