2015-11-24 13:07:00

Год Міласэрнасці – час збліжэння для сем’яў і Касцёла


Год Міласэрнасці павінен быць для сем’яў і Касцёла часам збліжэння, усталявання больш моцнага саюзу, сказаў старшыня Папскай рады па справах сям’і. На думку арцыбіскупа Вінчэнца Паліі, сёння шматлікія сем’і занадта ізаляваныя ад Касцёла, а касцёльныя супольнасці з’яўляюцца для іх занадта бюракратычнымі і клерыкальнымі.

Кіраўнік ватыканскай дыкастэрыі падкрэсліў, што не выпадкова Юбілей Сем’яў стане адным з першых буйных мерапрыемстваў Года Міласэрнасці. Ён будзе праходзіць 27 снежня, у нядзелю Святой Сям’і. У Ватыкане сем’і сустрэнуцца спачатку ля святочных ясляў на плошчы св. Пятра, пад адкрытым небам, у холадзе, каб затым прайсці праз Святыя Дзверы і сабрацца разам ля алтара над магілай св. Пятра. Гэта павінна стаць сімвалічным пераходам ад часам суровых рэалій жыцця да супольнасці вакол алтара, патлумачыў арцыбіскуп Вінчэнца Палья.

Апрача сем’яў свае Юбілеі ў Ватыкане адзначаць розныя групы вернікаў. Так, 3 красавіка тут адбудзецца цэлебрацыя для членаў шматлікіх рухаў, асацыяцый, манаскіх супольнасцяў звязаных з духоўнасцю, заснаванай на Божай міласэрнасці. Члены дабрачынных і валанцёрскіх аб’яднанняў запрашаюцца ў Ватыкан 4 верасня. Асобы, якія асаблівым чынам падзяляюць марыйную духоўнасць, змогуць прыняць удзел у спецыяльнай цэлебрацыі 9 кастрычніка. Сустрэча для моладзі адбудзецца 24 красавіка. Юбілейныя сустрэчы для дыяканаў, святароў і катэхетаў пройдуць адпаведна 29 мая, 3 чэрвеня і 25 верасня. Хворыя і інваліды запрашаюцца ў Ватыкан 12 чэрвеня. 6 лістапада адбудзецца спецыяльная цэлебрацыя для вязняў.








All the contents on this site are copyrighted ©.