2015-11-23 15:51:00

“InfoGiubileo”: у Рыме запрацуе юбілейная інфаслужба


Штодзённа ў радыёэфіры італьянскай сталіцы будзе гучаць шэсць спецыяльных выпускаў інфармацыйнай перадачы, прызначанай для пілігрымаў і турыстаў, якія прыбудуць для святкавання Юбілейнага Года Міласэрнасці. У праекце задзейнічаны: Ватыканскае радыё, “Roma Radio”, рымскі метрапалітэн, “Luceverde Aci” (транспартны інфармацыйны рэсурс) і “FsNews Radio” (радыёстанцыя італьянскай чыгункі). 

Гэта будзе праграма, якая сканцэнтруе ў сабе ўсю інфармацыю з розных аператыўных крыніц і зробіць яе даступнай для жыхароў, пілігрымаў і турыстаў у Рыме, каб дапамагчы ім лепш арыентавацца ў межах горада.

“InfoGiubileo”, так будзе называцца інфармацыйная праграма, упершыню прагучыць 1 снежня 2015 г. і будзе выходзіць штодзённа, з панядзелка па суботу, на працягу ўсяго тэрміну правядзення Юбілею Міласэрнасці. Гэта будзе асабліва важна падчас буйных мерапрыемстваў адмысловага Года, калі колькасць пілігрымаў будзе значна ўзрастаць, што можа выклікаць транспартныя праблемы ў Вечным горадзе.

Дарэчы, падобныя інфа-праекты былі паспяхова апрабаваны раней, падчас кананізацыі Яна XXIII і Яна Паўла II, беатыфікацыі айца Піо і пахавання Яна Паўла II. 

Гэта не першы досвед такога супрацоўніцтва. Пачынаючы з 2005 г., Ватыканскае радыё рэалізавала шэраг сумесных праектаў з “Luceverde” і Італьянскай дзяржаўнай чыгункай, прапаноўваючы слухачам лагістычную інфармацыю ў рэжыме рэальнага часу.

Каардынацыяй праекту “InfoGiubileo” будзе займацца Прэфектура Рыма, што дапаможа стварыць адзіную сетку паслядоўнай інфармацыі для пілігрымаў, турыстаў і рымлян.








All the contents on this site are copyrighted ©.