2015-11-21 15:26:00

Францішак: адукацыя павінна вучыць чалавечнасці


Адукацыя не павінна быць селектыўнай, гэта значыць даступнай толькі для тых, хто мае грошы і магчымасці, адзначыў папа Францішак 21 лістапада 2015 г. падчас сустрэчы з удзельнікамі сусветнага кангрэсу выкладчыкаў, арганізаванага Кангрэгацыяй Каталіцкай Адукацыі. Святы Айцец падкрэсліў, што прафесія настаўніка часта кепска аплочваецца, але яна грае ключавую ролю ў пашырэнні чалавечнасці ў свеце.

Паводле Францішка, “нельга казаць пра каталіцкую адукацыю не кажучы пра чалавечнасць, таму што каталіцкая ідэнтычнасць – гэта Бог, які стаў чалавекам”. Выхоўваць па-каталіцку, не азначае толькі праводзіць катэхізацыю. Апошняя з’яўляецца толькі часткай каталіцкага выхавання, адзначыў Святы Айцец. Ён таксама падкрэсліў, што ў каталіцкіх школах не павінна здзейсняцца празелітызму. 

Папа звярнуў увагу на вялікі крызіс адукацыйнай сферы, схільнай да неапазітывізму і занядбання на трасцэндэнтнасць. На яго думку, сёння адукацыя стала селектыўнай, даступнай не для ўсіх, нібыта права яе маюць толькі некаторыя народы, якія дасягнулі пэўнага эканамічнага ўзроўню. Гэта аддаляе іх адно ад аднаго, а не збліжае іх, аддаляе багатых ад бедных, адну культуру ад іншай. Папа таксама заклікаў да абнаўлення адукацыйнага саюзу паміж сям’ёй і школай.

Нізкія заробкі выхавацеляў і настаўнікаў, паводле Святога Айца, могуць сведчыць аб простай незацікаўленасці дзяржаваў гэтай сферай. “Калі была б зацікаўленасць, справы бы не ішлі такім чынам”, - сказаў ён.

У якасці прыкладу добрага выхавацеля Пантыфік паставіў асобу св. Яна Боска, які ў часы панавання масонства, імкнуўся да “тэрміновага выхавання”. Сёння, існуе патрэба ў “нефармальным выхаванні”, перакананы Папа, бо “фармальнае” збяднела, таму што з’яўляецца “спадчынай пазітывізму”.

Святы Айцец лічыць, што неабходна вучыць дзяцей і моладзь думаць, адчуваць і рабіць. Неабходна ісці на перыферыі, дзе не хапае настаўнікаў, а моладзь мае “параненую чалавечнасць”. Пачынаючы з гэтых ран павінны працаваць выхавацелі. “Гаворка не ідзе пра тое, каб ісці туды і займацца дабрачыннасцю, вучыць чытаць, даваць есці: не! Гэта неабходна, але толькі часова. Гэта толькі першы крок. Праблема, якая з’яўляецца і выклікам, заключаецца ў тым, каб ісці туды і дапамагаць узрастаць у чалавечнасці, разумнасці, у каштоўнасцях, паводзінах, каб маглі ісці наперад і несці іншым досвед, якога тыя яшчэ не пазналі”, - заклікаў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.