2015-11-21 10:45:00

Кардынал Паралін пра падарожжа Папы ў Афрыку


Падарожжа ў Афрыку стане для папы Францішка нагодай, каб зноў заклікаць  да міру прадстаўнікоў усіх рэлігій і перасцерагчы ад выкарыстання імя Бога для апраўдання насілля, адзначыў кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін 20 лістапада 2015 г. у інтэрв’ю Ватыканскаму тэлебачанню. Пурпурат нагадаў, што апошняе Святы Айцец лічыць блюзнерствам: гэтыя людзі не праслаўляюць Бога, але цяжкім чынам абражаюць Яго імя і Яго любоў да людзей.

У Афрыцы Пантыфік скіруе заклік да супрацоўніцтва паміж рэлігіямі ў будаванні міру, паяднання, братэрства ў свеце, падзеленым рознага кшталту канфліктамі. “Сёння рэлігіі павінны знайсці магчымасць для супольнай працы, каб дапамагчы чалавецтву стаць больш братэрскім і салідарным, перш за ўсё, праз міжрэлігійны дыялог”, - сказаў бліжэйшы супрацоўнік Францішка. 

Кардынал Паралін адзначыў, што сярод тэм, якія Папа будзе ўздымаць у рамках свайго візіту ў Кенію, Уганду і Цэнтральнаафрыканскую Рэспубліку, несумненна будуць: барацьба з беднасцю і абарона навакольнага асяроддзя. 

Візіт Святога Айца ў Афрыку працягнецца з 25 па 30 лістапада 2015 г. Гэта будзе аддзінаццатае Апостальскае падарожжа Францішка.








All the contents on this site are copyrighted ©.