2015-11-20 14:03:00

Францішак сустрэўся з Прэзідэнтам Украіны


20 лістапада 2015 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане Прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнку, які затым сустрэўся з кардыналам Дзяржсакратаром Пьетра Паралінам і сакратаром па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі арцыбіскупам Полам Галахерам.

Сардэчныя размовы, якія пацвердзілі добрыя адносіны, што існуюць паміж Святым Пасадам і Украінай, былі ў асноўным прысвечаны пытанням, звязаным з сітуацыяй канфлікту ў краіне, гаворыцца ў афіцыйным паведамленні Залы Друку Апостальскай Сталіцы. У сувязі з гэтым выказвалася адзінагалоснае пажаданне, каб дзякуючы намаганням усіх задзейнічаных бакоў перавага была нададзена палітычным рашэнням, пачынаючы ад поўнага выканання Мінскіх дамоўленасцяў. Адначасова выказвалася занепакоенасць цяжкасцямі ў вырашэнні гуманітарнай сітуацыі, асабліва звязанымі з доступам адпаведных арганізацый да тэрыторый, ахопленых супрацьстаяннем, з аказаннем медыцынскай дапамогі, абменам палоннымі, а таксама з эканамічнымі і сацыяльнымі наступствамі канфлікту для ўсёй тэрыторыі.

Сустрэча стала нагодай для таго, каб падкрэсліць важную ролю Цэркваў у грамадстве, а таксама ўклад грэка-каталіцкай і рыма-каталіцкай супольнасцяў у жыццё краіны.    








All the contents on this site are copyrighted ©.