2015-11-18 14:18:00

У Ватыкане прайшоў абрад “Recognitio”


Абрад “Recognitio” – пацвярджэння – Святых дзвярэй прайшоў 17 лістапада 2015 г. вечарам у ватыканскай Базыліцы св. Пятра. Яго ўзначаліў архіпрэзбітэр базылікі, кардынал Анджэла Камастры. Гэта быў яшчэ адзін этап падрыхтоўкі да правядзення Юбілейнага Года, які пачынаецца ў Каталіцкім Касцёле 8 снежня, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Згодна з абрадам, члены капітулы базылікі св. Пятра ў працэсіі накіраваліся да яшчэ замураваных Святых дзвярэй. Пасля супольнай малітвы са сцяны былі выняты чатыры цагліны і металічная скрыня, якая змяшчала адмысловыя “дакументы” мінулага Святога Года ў Вялікі Юбілей 2000-годдзя хрысціянства, юбілейныя медалі і ключ, якім Францішак адчыніць Святыя дзверы, распачынаючы такім чынам Юбілей Міласэрнасці.

У цырымоніі прынялі ўдзел, у прыватнасці, старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі, арцыбіскуп Рына Фізікела, і папскі цырымонімайстар, кс. Гвіда Марыні.








All the contents on this site are copyrighted ©.