2015-11-17 10:56:00

Рашэнне па візіце Папы ў ЦАР будзе прымацца на месцы


Святы Пасад на месцы вырашыць аб магчымасці рэалізацыі трэцяга і апошняга этапу першага афрыканскага падарожжа папы Францішка, якое пачынаецца праз 8 дзён, паведаміў кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін.

Бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца адказаў на пытанне журналістаў у кулуарах форуму, арганізаванага праз “Opera Romana Pellegrinaggi”. На сённяшні дзень застаюцца тры этапы: Кенія, Уганда і Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка. “Пазней убачым на месцы”, - сказаў ён.

Знаходжанне ў сталіцы Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі Бангі запланавана на 29 і 30 лістапада 2015 г. Паводле меркавання службаў бяспекі ў гэтай краіне існуе сур’ёзныя пагроза для Францішка. 

Яшчэ перад тэрактам у Парыжы, французскія ўлады, якія маюць у ЦАР 900-асабовы вайсковы кантынгент, праінфармавалі, што яны не ў стане гарантаваць бяспеку Папы за межамі аэрапорта ў Бангі. Таму гэты візіт можна назваць “падарожжам падвышанай рызыкі”. Улады Францыі адхілілі таксама просьбу аб лагістычнай, санітарнай і вайсковай падтрымцы, у тым ліку па арганізацыі палявых шпіталёў і выкарыстанні ваенных верталётаў, паведаміла агенцтва “Франс-Прэс”.

Разам з Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікай, Пантыфік павінен наведаць Уганду (27-29 лістапада) і Кенію (25-27 лістапада). У першай краіне сітуацыя з’яўляецца найбольш стабільнай, і месцы, якія наведае Францішак ўжо забяспечаны ваеннымі і паліцыяй. У Кеніі за бяспеку Святога Айца і ўдзельнікаў будуць адказваць 10-тысячны кантынгент сіл бяспекі і столькі ж валанцёраў. Улады асцерагаюцца правакацый з боку ісламістаў з Аль-Шабааб, якія дзейнічаюць у асноўным на ўсходзе краіны.








All the contents on this site are copyrighted ©.