2015-11-16 13:47:00

Францішак да лютэран пра паяднаную разнастайнасць


Пантыфік наведаў 15 лістапада 2015 г. вечарам лютэранскую царкву італьянскай сталіцы, падтрымаўшы традыцыю, закладзеную яго папярэднікамі Янам Паўлам II і Бэнэдыктам XVI, якія былі тут з візітамі адпаведна ў 1983 г. і 2010 г.

Мясцовы пастар Енс-Марцін Крузэ, звяртаючыся да Францішка, адзначыў, што шлях да адзінства – гэта супольная малітва і дыялог, і папрасіў Папу адказаць на пытанні некалькіх вернікаў лютэранскай супольнасці.

Першае прагучала з вуснаў дзевяцігадовага Юліуса, які спытаў Францішка, што ён любіць больш за ўсё будучы Пантыфікам. “Мне падабаецца быць Папам ў стылі пастыра”, - адказаў ён. Святы Айцец прызнаўся, што яму не вельмі падабаецца праводзіць пратакольныя сустрэчы і даваць інтэрв’ю, хоць, і гэта ён робіць. Ён дадаў, што любіць наведваць хворых і зняволеных.

Пратэстантка, якая ажанілася з католікам, спытала, чаму яны не могуць разам з мужам прымаць св. Камунію. Францішак нагадаў, што ў лютэран і католікаў розная дактрына, але яны маюць той жа хрост. Ён прывёў у прыклад свайго сябра, іерарха Епіскапальнай Царквы, жонка якога была каталічкай. Па нядзелях спачатку ён хадзіў са сваёй жонкай і дзецьмі ў каталіцкі храм, а потым узначальваў набажэнства ў сваёй супольнасці. “Размаўляйце з Панам і ідзіце наперад. Я не адважуся сказаць больш”, - заключыў Святы Айцец.

Трэцяе пытанне задала казначэй парафіі, а тычылася яно дапамогі бежанцам, калі рэсурсы абмежаваныя. Спасылаючыся на біблійныя тэксты, Папа патлумачыў, што ў любым выпадку не можна ўзводзіць сцен перад уцекачамі. Ён дадаў, што часта ў нашым жыцці багацце, марнасць і ганарыстасць становяцца сценамі, якія выключаюць з яго Бога. “Давайце размаўляць адкрыта, маліцца, служыць, і сцены разбурацца самі”, - сказаў Святы Айцец.

Пасля жывога дыялогу адбылося кароткае набажэнства, падчас якога, у імправізаваным казанні, Францішак адзначыў, што Езус падчас свайго паўторнага прыйсця будзе пытацца нас не пра тое, ці мы хадзілі на імшу і наведвалі добрыя катэхезы, але пра наша стаўленне да бедных, таму што яны займаюць цэнтральнае месца ў Евангеллі. “Ці мы выкарыстоўваем сваё жыццё для сябе, ці для таго, каб служыць? Абараняем сябе за сцяной, ці служым з любоўю? На чыім баку мы знаходзімся – католікі і лютэране?” - спытаў Папа. Ён прызнаў, што ў адносінах паміж двума канфесіямі былі “брыдкія перыяды”, хоць іх паслядоўнікаў аб’ядноўвае адзін хрост. Таму трэба прасіць прабачэння за скандал падзелу. Францішак заклікаў католікаў і лютэран маліцца і працаваць разам. Хоць “нашы дагматычныя кнігі кажуць адно, а вашы кнігі – другое”, адрозніваецца наша інтэрпрэтацыя веры, але мы можам жыць у паяднанай разнастайнасці, адзначыў Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.