2015-11-16 14:52:00

Пантыфік супраць гуманізму, які падмяняе сабой Хрыста


Дамінуючы менталітэт, гуманізм, які хоча заняць месца Езуса, сапраўднага чалавека, разбурае хрысціянскую ідэнтычнасць, лічыць Святы Айцец Францішак. Аб гэтым ён сказаў 16 лістапада 2015 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. Папа спаслаўся на чытанне з Першай кнігі Макабэяў, дзе гаворыцца аб адступніцтве значнай часткі Ізраіля пад уплывам пануючай ментальнасці навакольнага свету.

Святы Айцец выкарыстаў тры словы: свецкасць, адступніцтва і пераслед, каб патлумачыць небяспеку жыццёвай пазіцыі: быць, як усе. Свецкасць, гэта выстаўленне сваёй ідэнтычнасці на аўкцыён, лічыць Папа. Менавіта гэта закладае фундамент да адступніцтва, здрады сваёй тоеснасці на карысць дамінуючай ментальнасці, дзе няма месца для адрозненняў – усе аднолькавыя. Тут Францішак прывёў прыклад, калі сёння ў многіх краінах былі зменены назвы рэлігійных свят, у тым ліку Божага Нараджэння, каб знішчыць іх тоеснасць. Менавіта непрыняцце адрозненняў часта вядзе да пераследу за тое, што, напрыклад, нехта прытрымліваецца іншых поглядаў.

Гісторыя ізраільскага народа павінна прымусіць кожнага хрысціяна задумацца аб сваёй ідэнтычнасці. Яе падставай не можа быць толькі факт хросту ў дзяцінстве або нараджэння ў хрысціянскай краіне. Свецкасць расце павольна, заўсёды шукае нейкага апраўдання і ў канчатковым выніку заражае, і, такім чынам, робіць шмат зла, перасцярог Святы Айцец.

У завяршэнні Францішак адзначыў, што Літургія Слова ў гэтыя апошнія дні літургічнага года запрашае нас быць пільнымі да таго, што аддаляе ад Бога. “Будзем прасіць Пана за Касцёл, каб захаваў яго ад усіх форм мірскога, каб Касцёл заўсёды меў ідэнтычнасць, устаноўленую Езусам Хрыстом, каб мы ўсе мелі тоеснасць, атрыманую пры хросце, і каб яна ніколі не была адхілена з-за жадання быць як усе, у імя “нармальнасці”, - заклікаў Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.