2015-11-15 12:27:00

Пантыфік назваў тэракты ў Парыжы варварствам


Папа выказаў свой глыбокі смутак у сувязі з тэрарыстычнымі актамі, якія адбыліся 13 лістапада 2015 г. позна ўвечары ў сталіцы Францыі і адабралі жыцці па меншай меры 120 асобам. “Прэзідэнту Французскай Рэспублікі і ўсім грамадзянам я дасылаю выразы майго глыбокага спачування. Выказваю сваю блізкасць асаблівым чынам сем’ям тых, хто страціў жыццё і быў паранены”, - сказаў Пантыфік 15 лістапада 2015 г. у Ватыкане падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”. 

“Такога роду варварства пакідае нас у шоку і здзіўляе, як чалавечае сэрца можа нарадзіць і здзейніць такія жудасныя рэчы, што ўзрушылі не толькі Францыю, але і ўвесь свет. Сутыкнуўшыся з гэтымі непрымальнымі актамі, нельга не асудзіць невымоўную абразу чалавечай годнасці. Я хачу моцна пацвердзіць, што шлях насілля і нянавісці ня вырашыць праблем чалавецтва!”, - дадаў Францішак.

Ён запрасіў сабраных на плошчы св. Пятра далучыцца да яго малітвы і “даверыць Божай міласэрнасці бездапаможных ахвяр гэтай трагедыі”. “Дзева Марыя, Маці Міласэрнасці, няхай паселіць у сэрцах усіх думкі мудрасці і жаданне міру. Мы просім яе, бараніць і захоўваць узлюблены французскі народ, Еўропу і ўвесь свет”, - сказаў Папа.

Да малітвы за ахвяр тэрактаў заклікаў Францішак і на сваім “твітэры”. “Я выказваю мой глыбокі боль з прычыны тэрактаў у Парыжы. Маліцеся са мной за ахвяр і іх сем’і”, - гучыць папскі твіт.








All the contents on this site are copyrighted ©.