2015-11-13 13:05:00

Папа: існуе спасуса абагаўлення зямных рэчаў і звычак


Вернікі сустракаюцца ў жыцці са спакусай абагаўлення зямных рэчаў і звычак. У той жа час, адзіным вечным хараством, вартым чалавечай увагі, з’яўляецца прыгажосць Бога, сцвердзіў папа Францішак 12 лістапада 2015 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. 

Грунтуючыся на словах псальма, які прыгучаў у Літургіі слова (Пс 119 (118)), Святы Айцец заўважыў, што часта людзі захапляюцца бляскам таго, што хутка згасне і праміне. Таму патрэбна здольнасць глядзець далей за прыгажосць стварэння. Празмерную прывязанасць да красот гэтага свету, іх абагаўленне, Пантыфік лічыць ідалапаклонствам. Варта памятаць пра іх захад, які рана ці позна наступіць, заўважыў ён.

Іншай спакусай з’яўляецца празмерная прывязанасць да некаторых звычак. Пантыфік паставіў у прыклад людзей эпохі Ноя і жыхароў Садомы, якія “елі, пілі, бралі жонак і мужоў” і не клапаціліся пра іншае, што прывяло да татальнага знішчэння. Прывязанасць да пэўных звычак, іх абагаўленне таксама можа быць ідалапаклонствам, сказаў Папа.  

У апошняй частцы гаміліі Святы Айцец заклікаў заўсёды глядзець далей за тое, што бачна – на вечнага Бога, якія стаіць за ўсім стварэннем. Менавіта гэтаму навучае Касцёл у гэты апошнія дні літургічнага году. Усё хараство гэтага свету праміне. Бог – гэта адзіная вечная прыгажосць, на якую трэба звяртаць увагу і цаніць, падкрэсліў папа Францішак. Таму вернікі павінны быць людзьмі, якія заўсёды крочаць наперад, адмаўляючыся ад абагаўлення зямных прыгажосцяў і звычак. 








All the contents on this site are copyrighted ©.