2015-11-12 14:52:00

Святы Айцец перасцярог ад дабрачыннай “блізарукасці”


Папа Францішак прыняў на аўдыенцыі духоўных нашчадкаў святога кс. Луіджы Гуанэлы: прадстаўнікоў мужчынскай і жаночай манаскіх супольнасцяў, а таксама аб’яднання свецкіх вернікаў, заснаваных гэтым італьянскім святаром. Нагодай для сустрэчы стала 100-годдзе з дня яго смерці.

“Я б хацеў уявіць, што б ён сказаў вам, каб умацаваць у веры, надзеі і любові. Канешне, ён зрабіў бы гэта са сваёй шчырай і мудрай прастатой, і таму я падумаў пра тры канкрэтныя словы: давяраць, глядзець і спяшацца”, - падкрэсліў папа Францішак.

Пантыфік паставіў у прыклад давер св. Луіджы Гуанэлы да Божай міласэрнасці і Провіду. “Для яго Божы Провід быў не “паэзіяй”, а рэальнасцю”, - адзначыў Папа. Ён назваў адной з першых спакус менавіта дыстанцыяванне ад Бога, недавер да Яго міласэрнасці і страх перад Ім. 

“Бог, аднак, гэта толькі любоў, чыстая прадбачлівая любоў. Ён нас любіць больш чым мы любім самі сябе і ведае, што для нас па-сапраўднаму добра. Таму, Ён жадае, каб на працягу свайго жыцця мы сталі тымі, кім з’яўляемся ў момант хросту: умілаванымі дзецьмі, здольнымі перамагчы страх і не ўпасці ў нараканні, бо Пан клапоціцца пра нас”, - падкрэсліў Папа.

Францішак заклікаў духоўных нашчадкаў італьянскага святога вучыцца “глядзець на свет новымі вачыма”, якія ззяюць любоўю і надзеяй. Трэба бачыць у іншых людзях не перашкоду, але братоў і сясцёр, якіх неабходна прыняць, дадаў Папа. Ён таксама перасцярог ад пэўнай “блізарукасці”, якая заключаецца ў імкненні дапамагаць тым, хто далёка, але незаўважанні праблем людзей, якія знаходзяцца побач.

Папа падкрэсліў, што многія бедныя не могуць чакаць доўга, таму неабходна браць прыклад з Марыі, якая паспяшыла да сваёй сваячкі Альжбеты, і неадкладна выходзіць насустрач патрабуючым клопату і любові.








All the contents on this site are copyrighted ©.