2015-11-12 13:40:00

Папа да славацкіх біскупаў пра адкрытасць да мігрантаў


12 лістапада 2015 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі групу славацкіх біскупаў, якія прыбылі ў Ватыкан у рамках візіту “ad limina Apostolorum”. Святы Айцец звярнуў асаблівую ўвагу іерархаў на выклікі і новыя магчымасці, звязаныя з феноменам міграцыі. Пантыфік нагадаў, што Касцёл пакліканы “абвяшчаць адкрытасць да мігрантаў і сведчыць аб ёй у духу любові і павагі да годнасці чалававечай асобы”, але пры “неабходным захаванні законнасці”. Перад абліччам пашырэння шматкультурнага грамадства трэба заняць пазіцыю “ўзаемнай павагі”, каб спрыяць культуры сустрэчы, дадаў ён.

Папа нагадаў пра неабходнасць захавання славацкім народам сваёй “культурнай тоеснасці” і “спадчыны маральных і духоўных каштоўнасцяў”, моцна звязаных з каталіцкай традыцыяй, асабліва ў кантэксце дыялогу на тэмы, звязаныя з чалавечым жыццём і сям’ёй.

Касцёл пакліканы быць “домам і школай адзінства”, у якой вучацца прымаць тое добрае, што ёсць у іншых людзях, сказаў Пантыфік. Ён заклікаў славацкіх біскупаў працягваць душпастырства сярод цыган, злучанае з шырокай евангелізацыйнай дзейнасцю. Ён заўважыў, што прадстаўнікі гэтага народу жывуць у стане “пэўнай сацыяльнай абасобленасці”.

Францішак звярнуў увагу на важнасць “адпаведнага суправаджэння сям’яў”, у тым ліку “няпоўных, асабліва калі ў іх ёсць дзеці”. Ён заклікаў цаніць моладзь і яе імкненне да салідарнасці і служэння бліжнім, што патрабуе падтрымкі і даверу з боку пастыраў.

Пантыфік заклікаў біскупаў клапаціцца аб рознабаковай фармацыі святароў, паколькі яны з’яўляюцца для большай часткі Божага народу “галоўнымі праваднікамі” Евангелля і “самым непасрэдным вобразам”, праз які чалавек сустракаецца з таямніцай Касцёла. Папа выказаў падзяку славацкаму духавенству, катэхетам і іншым евангелізатарам, а таксама асобам, якія нясуць салідарнасць і любоў найбольш патрабуючым членам грамадства.








All the contents on this site are copyrighted ©.