2015-11-11 12:19:00

Папа: сям’я павінна збірацца за адным сталом


Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 11 лістапада 2015 г. папа Францішак адзначыў важнасць сумеснага правядзення часу ў сямейным асяроддзі. Яго сапраўднай “іконай”, паводле Святога Айца, з’яўляецца сям’я, сабраная вакол нядзельнага стала. Дзяленне пасілкам, а таксама пачуццямі, аповедамі, падзеямі – гэта фундаментальны досвед. “Калі праходзіць свята, Дзень нараджэння, юбілей – людзі збіраюцца вакол стала. У некаторых культурах так прынята рабіць таксама з нагоды жалобы, каб пабыць побач з тымі, хто перажывае боль з прычыны страты блізкага чалавека”, - заўважыў Папа.

“Прабыванне за адным сталом – гэта надзейны тэрмометр для вымярэння здароўя адносін: калі ў сям’і нешта ідзе не так, ці прысутнічае якая-небудзь схаваная рана, за сталом гэта разумеецца адразу. Сям’я, якая амаль ніколі не спажывае ежу разам, ці ў якой за сталом не размаўляюць, а глядзяць у тэлевізар ці ў смартфон, з’яўляецца “не да канца сям’ёй”. Калі дзеці за сталом прывязаныя да камп’ютэра, тэлефона і не слухаюць адзін аднаго, гэта не сям’я – гэта пансіянат”, - сказаў Пантыфік.

Святы Айцец нагадаў, што ў хрысціянстве супольнае прыбыванне за сталом мае глыбокае значэнне. Менавіта за сталом Езус ахвотна навучаў апосталаў і часам прадстаўляў Валадарства Божае ў якасці святочнага прыёму. Езус выбраў стол таксама і для таго, каб перадаць свой духоўны запавет, заключаны ў Эўхарыстыі.

“У такой перспектыве мы можам сказаць, што сям’я на св. Імшы знаходзіцца ў сябе “дома”, паколькі прыносіць у Эўхарыстыю ўласны досвед супольнага прабывання за сталом і адкрывае сябе на ласку паўсюднага святочнага прыёму, любові Бога да свету. Прымаючы ўдзел у Эўхарстыі, сям’я ачышчаецца ад спакусы самаізаляцыі, будучы ўмацаванай любоўю і вернасцю, і пашырае межы ўласнага братэрства паводле Сэрца Хрыста”, - сказаў Папа.

Францішак падкрэсліў, што ўмацаваныя Эўхарыстыяй сем’і могуць перамагачы закрытасць і будаваць масты прыняцця і любові. Эўхарыстыя – гэта “школа чалавечай інтэграцыі, якая не баіцца выклікаў”. “Не існуе такіх малых, сірот, слабых, безабаронных, параненых і засмучаных, разгубленых і пакінутых, якіх эўхарыстычнае прабыванне сем’яў за супольным сталом не можа насыціць, умацаваць, абараніць і прыняць у госці”, - сказаў ён.

Паводле Папы, многія сацыяльныя сітуацыі перашкаджаюць прабыванню сем’яў разам. “За сталом трэба размаўляць, слухаць адзін аднаго. Не павінна быць ніякага маўчання. Не таго маўчання, якое бывае ў законніц, але эгаістычнага, калі кожны мае нешта сваё, тэлевізар ці камп’ютэр, і замаўкае (...) Неабходна вярнуць сямейнае прабыванне за супольным сталом, няхай і адаптуючы яго да нашага часу”, - заклікаў Святы Айцец. 

Францішак пажадаў, каб за супольным сямейным сталом знаходзілася месца для ўсіх, таксама і для тых, каму не хапае ежы і любові. І гэта, на яго думку, “жывы і жыццядайны запавет хрысціянскіх сем’яў, які апярэджвае, падтрымлівае і ахоплівае ў дынамізме сваёй гасціннасці штодзённыя цяжкасці і радасці, супрацоўнічае з ласкай Эўхарыстыі, якая заўсёды ў стане ствараць усё новае і новае адзінства праз сваю сілу, якая прымае і збаўляе”.

Паводле Святога Айца, менавіта такім чынам хрысціянская сям’я можа прадэманстраваць шырыню свайго гарызонту, які з’яўляецца гарызонтам Касцёла – Маці ўсіх людзей, усіх пакінутых і маргіналізаваных, ва ўсіх народах. 

Сваю катэхезу Пантыфік завяршыў заклікам да малітвы, каб Юбілей Міласэрнасці, які хутка пачнецца ў Касцёле, умацаваў жаданне сем’яў быць разам, збірацца за адзіным сталом. 








All the contents on this site are copyrighted ©.